Каля абласнога суда ў Гродне: Алена Баброўская і Віталія Навумкіна. Фота аўтара

Васіль Баброўскі, як быў затрыманы 29 мая ў Гродне разам з Сяргеем Ціханоўскім, сёння там жа асуджаны па двух артыкулах Адміністрацыйнага кодэкса праз інтэрнет.

Яму прад’явілі абвінавачанне паводле часткі 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). Цяпер ён знаходзіцца пад вартай у СІЗА №1 на Валадарскага ў Мінску.

Сёння ж яго судзілі па адміністрацыйных пратаколах, якія былі складзены супрацоўнікамі Ленінскага РАУС. Паводле артыкула 17.1 Адміністрацыйнага кодэкса – за хуліганскія дзеянні, а канкрэтна за тое, што нібыта голасна лаяўся і брыдкасловіў, размахваў рукамі, не рэагаваў на заўвагі супрацоўнікаў міліцыі, – Баброўскаму прысудзілі 4 сутак пазбаўлення волі.

Паводле артыкула 23.4 яго асудзілі на 6 сутак за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі, а дакладней за тое, што адмаўляўся ісці ў аўтобус, калі яго цягнулі туды супрацоўнікі АМАПа.

У судзе супраць Баброўскага сведчылі два амапаўцы, і менавіта на падставе толькі іх паказанняў ён быў асуджаны. Ягоны адвакат хадайнічала, каб да справы была далучана аператыўная стужка, на якой дакладна відаць усе дзеянні Баброўскага на плошчы падчас затрымання.

Аднак Ленінскі РАУС даслаў адказ, што відэазапісаў аператыўнай здымкі, якія мелі б дачыненне да справы, няма. Адвакат настойвала на тым, каб аператыўную стужку ўсё ж паглядзець у судзе і ўстанавіць, ці насамрэч там няма матэрыялаў, датычных да адміністрацыйнай справы, але яе хадайніцтва было адхілена.

Што тычыцца шматлікіх відэа, якія маюцца ў сацсетках, то, паводле слоў адваката, папросту не ставала часу пацвердзіць іх, каб яны былі прызнаны дзяржорганамі як сапраўдныя.

У судзе прысутнічала жонка Сяргея Баброўскага Алена. Яна сказала карэспандэнту “Народнай Волі”, што яе муж увогуле ніколі нецэнзурна не лаецца. А яшчэ дадала, што амапаўцы затрымалі яго не на плошчы, а калі ён накіраваўся на аўтобусны прыпынак: пад’ехала машына, і яго туды пасадзілі. “Дзіўна, што ў судзе яны гаварылі зусім іншае”, – разгублена кажа жанчына.

Сяргей Баброўскі вінаватым сябе не прызнаў і адмовіўся падпісваць адміністрацыйныя пратаколы. Са слоў жонкі, ён выпадкова апынуўся на плошчы, вяртаўся дадому. Працуе Сяргей аўтаслесарам. У яго трое дзяцей, у тым ліку непаўналетняя дачка.

Сёння ж у Гродне разглядаецца яшчэ адна аналагічная адміністрацыйная справа. Уладзімір Навумкін таксама знаходзіцца ў ІЧУ Мінска, суд над ім таксама адбываецца праз інтэрнет.