Кіеў 28 чэрвеня 2020 года: удзельнікі акцыі салідарнасці выступілі супраць палітычных рэпрэсій у Беларусі. Фота https://censor.net.ua

За некалькі дзён кампанія #BY_Help сабрала больш за 75 тысяч долараў ЗША для ахвяр палітычных рэпрэсій у Беларусі. Удзельнікам пратэстаў, якія патрабавалі справядлівых выбараў, а былі арыштаваныя або пакараныя штрафамі, дапамагаюць людзі з усяго свету. Збор грошай працягваецца, піша NN.BY.

Усе сабраныя грошы, як заяўляюць каардынатары ініцыятывы, будуць ахвяраваныя на кампенсацыю адвакатам, на выплату штрафаў і падтрымку сем’яў рэпрэсаваных. Прыярытэт у дапамозе будзе аддадзены тым, хто ўпершыню быў прыцягнуты да адказнасці за свае правы і свабоды.

Кампанія #BY_Help з’явілася ў 2017 годзе. Тады людзі выходзілі на вулічныя пратэсты з-за «Дэкрэта аб дармаедах». Ініцыятыва дапамагала людзям, якіх пакаралі штрафамі і арыштамі.