Пікет бельгійскіх беларусаў у Бруселі

У цэнтры Бруселя на плошчы Шумана, дзе месцяцца галоўныя офісы Еўрасаюза, 25 чэрвеня ладзіўся пікет салідарнасці з народам Беларусі.

У ім узялі удзел каля трох дзесяткаў беларускіх грамадзян, якія зараз жывуць у Бельгіі. Яны патрабавалі вызвалення палітзняволеных, правядзення справядлівых і сумленных выбараў. Пікет доўжыўся гадзіну – з 12.00 да 13.00.

Лукашэнка штурхае краіну ў бездань — заяўляюць беларусы ў БельгііНіякіх праблем з правядзеннем пікета ў нас, па сутнасці, не было. Мы яшчэ ў пачатку чэрвеня даслалі паведамленне ў паліцыю, што маем намер правесці пікет. Паліцыя папрасіла ўстрымацца, паколькі ў горадзе ў той час праходзілі мітынгі цёмнаскурых грамадзян у сувязі са смерцю ў ЗША афраамерыканца Джорджа Флойда. Правялі пікет 25 чэрвеня. Ахоўвалі нас двое паліцэйскіх. За пару хвілін да ўказанага ў паведамленні тэрміну паліцэйскі нагадаў, што час пікета сыходзіць. Цывілізавана і культурна“, – распавяла былая гомельская прадпрымальніца Таццяна Марчанка, якая эмігравала ў Бельгію.

Паводле Марчанкі, на пікеце прысутнічалі пераважна жанчыны. Яны да гэтага не тое што палітыкай не займаліся, але і мала цікавіліся ёю. Сям’я, родныя былі іх найпершым клопатам.

Падзеі ў Беларусі ў звязку з пандэміяй каранавіруса і распачатыя рэпрэсіі пад час абвешчаных прэзідэнцкіх выбараў устрывожылі беларусаў замежжа.

У прынятым на пікеце звароце, у прыватнасці, сказана: “Мы не можам і не маем права заставацца раўнадушнымі да таго, што адбываецца на нашай радзіме, з нашымі землякамі, роднымі і сябрамі“.

Дзейны прэзідэнт, гаворыцца ў звароце, які знаходзіцца ва ўладзе доўгіх дваццаць шэсць гадоў, “не прыняў належных мер па абароне насельніцтва ад распаўсюду каранавіруса, не ўвёў каранцін, не адмяніў масавых мерапрыемстваў, футбольных матчаў, прапаноўваў людзям лячыцца гарэлкай і ўзмоцнена працаваць, а пандэмію каронавіруса назваў “сусветным псіхозам“. У звароце да суайчыннікаў згадваецца пра ціск рэжыму на прадпрымальнікаў, бізнесоўцаў, іншадумцаў. У засценкі кінутыя патэнцыйныя канкурэнты Аляксандра Лукашэнкі на выбарах – Віктар Бабарыка і Сяргей Ціханоўскі з паплечнікамі. Людзей пазбаўляюць права паставіць подпіс за альтэрнатыўных кандыдатаў, хапаюць на вуліцах, арыштоўваюць, штрафуюць. “Пустапарожнія абяцанні, мана, абразы ляцяць з вуснаў дыктатара“.

Бельгійскія беларусы лічаць, што Лукашэнка не здатны выкарыстаць  вялікі эканамічны і чалавечы патэнцыял прыгожай і працавітай Беларусі і “штурхае яе ў бездань“.

Лукашэнка штурхае краіну ў бездань — заяўляюць беларусы ў Бельгіі
На плакаце напісана: “Стоп тыранія”

Поделиться ссылкой: