Фота: Радыё Свабода

Праўладныя ідэолагі чэшуць патыліцу, як падаць публіцы тое, што гэта выбарчая кампанія пайшла не па іх сцэнарыі. І не прыдумалі нічога лепшага, як накідаць тэзу, што нейкія злыя вонкавыя сілы ладзяць супраць Беларусі змову, а тутэйшая “пятая калона” – гэта, маўляў, толькі марыянеткі ў руках замежных лялькаводаў. Паказальным у гэтым плане выглядае меркаванне дэпутата Палаты прадстаўнікоў, першага сакратара Мінскага гарадскога камітэта БРСМ Сяргея Клішэвіча. Ягоныя развагі дзяржаўнае агенцтва БЕЛТА рэтранслявала пад гучным загалоўкам “Інфармацыйная пандэмія мае вонкавыя прычыны”.

І як жа пан Клішэвіч трактуе феномен беспрэцэдэнтнай палітычнай актыўнасці беларусаў падчас цяперашняй прэзідэнцкай кампаніі? Паводле меркавання дэпутата-бээрэсэмаўца, “падпісныя чэргі, ланцугі салідарнасці і каруселі” былі арганізаваны радыкальным крылом апазіцыі. Таксама ён сцвярджае, што “на несанкцыянаваных мерапрыемствах цяпер прадстаўлена тое ж ядро вулічных акцый, якое праяўляла сябе на момант так званых антыінтэграцыйных пратэстаў”. Клішэвіч цалкам ухваляе дзеянні міліцыі і скардзіцца, што на міліцыянтаў ды актывістаў БРСМ ладзіцца маральна-псіхалагічны ціск.

І ва ўсіх гэтых тэзах канцы з канцамі не сыходзяцца. Насамрэч у цяперашнюю палітычную актыўнасць відавочна ўцягваюцца новыя слаі грамадства. Акурат традыцыйная апазіцыя аказалася ў цені. З’явіліся нечаканыя свежыя фігуры, з якімі электарат пачаў звязваць надзею на перамены, – Сяргей Ціханоўскі, Віктар Бабарыка, Валерый Цапкала. І падпісвацца за іх (у выпадку арыштаванага Ціханоўскага – за яго жонку Святлану) масава пайшлі найперш не актывісты старой апазіцыі, а звычайныя абывацелі. Тыя, хто раней трымаўся падалей ад палітыкі, але цяпер вырашыў: годзе застою і беспрасветнасці, Беларусі патрэбны перамены…

Поўны тэкст калонкі Аляксандра Класкоўскага чытайце ў газеце «Народная Воля» за 26 чэрвеня