Алег Гулак

Паводле інфармацыі Цэнтрвыбаркама, ініцыятыўныя групы сямі прэтэндэнтаў у прэзідэнты здалі ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі подпісы для праверкі.

У той жа час праваабаронцы канстатуюць: назіральнікам, якія накіравалі ў камісіі звароты з патрабаваннем забяспечыць магчымасць назіраць за працэсам іх праверкі, прыходзяць адказы з адмовамі, сэнс якіх зводзіцца да таго, што назіральнік мае права прысутнічаць на пасяджэнні камісіі, а правоў прысутнічаць пры працэсе праверкі падпісных лістоў, які праводзіцца да пасяджэння камісіі, заканадаўствам не прадугледжана.

Такія адказы атрымалі, напрыклад, назіральнікі з Ленінскай раённай выбарчай камісіі ў Гродне, Светлагорскай раённай, Рэчыцкай раённай, Бярозаўскай раённай, Ленінскай раённай г.Брэста і некаторых іншых.

Не выключана, што некаторыя прэтэндэнты не сабралі неабходныя 100 тысяч подпісаў, хаця іх могуць зарэгістраваць у якасці “запасных ігракоў”.

Напрыклад, канкурэнты Ганны Канапацкай распавялі “Нашай Ніве”, што ў Маскоўскім раёне Мінска, дзе жыве больш за 300 тысяч чалавек, экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў аднесла ў камісію ўсяго 19 падпісных лістоў. На кожным з іх можа быць не больш за 16 подпісаў. Такім чынам, ва ўсім Маскоўскім раёне Канапацкая сабрала не больш за 300 подпісаў.

А адзін з рэгіянальных каардынатараў ініцыятыўнай групы Ганны Канапацкай заявіў, што сабрана толькі 10 тысяч подпісаў, а не 100 тысяч, як было абвешчана раней.

Чаму грамадскасць не мае права прысутнічаць падчас праверкі падпісных лістоў?

– Калі назіральнікам адмаўляюць прысутнічаць падчас праверкі падпісных лістоў, то камісіі звычайна спасылаюцца на тое, што гэта наўпрост не прадугледжана Выбарчым кодэксам, – кажа старшыня Беларускага Хельсінкскага Камітэта Алег ГУЛАК. – Маўляў, там паўнамоцтвы назіральнікаў спецыяльна не прапісаны.

Але не прапісана і забарона назіраць за працэсам праверкі падпісных лістоў. І вось тут нашы погляды на разуменне Выбарчага кодэкса з поглядамі камісій разыходзяцца. А апошняе слова застаецца менавіта за імі.

Адным словам, няма закона, які забараняў бы прадстаўнікам грамадскасці прысутнічаць падчас праверкі падпісных лістоў, але ў той жа час гэта нідзе не прапісана…

Поўны тэкст інтэрв’ю Алеся Святланіча з старшынёй Беларускага Хельсінкскага Камітэта Алегам Гулакам чытайце ў газеце «Народная Воля» за 26 чэрвеня