У судзе Ленінскага раёна Гродна

Юля Карначова, сябра ініцыятыўнай групы патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай, аштрафавана на 20 базавых велічынь (540 рублёў). 63-гадовая пенсіянерка Станіслава Дамшаль таксама аштрафавана на 20 базавых велічынь. Яўгеній Клімук – на 15 базавых велічынь (405 рублёў).

Усе трое былі абвінавачаны ў хуліганстве падчас затрымання міліцыяй блогера і кіраўніка ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай Сяргея Ціханоўскага ў Гродне 29 мая.

Гродна: непамерны штраф наклалі нават на пенсіянерку
Юлія Карначова, член ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай

Пратаколы на ўсіх траіх былі складзены праз тыдзень пасля падзеі. Станіслава Дамшаль зараз знаходзіцца на самаізаляцыі, паколькі яе блізкія людзі хварэюць на каранавірус. Суд прайшоў дыстанцыйна праз інтэрнет.

Спадарыня Дамшаль была здзіўлена, што ён доўжыўся больш гадзіны. Яе абвінавацілі ў хуліганскіх дзеяннях. Яна распавяла суддзі сваю версію падзей.

Паводле Дамшаль, калі пачалася заваруха з Ціханоўскім, яна пачула, што за міліцэйскай машынай пачаў крычаць чалавек, што яму наехалі на нагу. Яна падбегла да машыны і пачала прасіць міліцыянера адкрыць фортку, каб той ад’ехаў.

Двое міліцыянераў, якія сведчылі супраць яе, няўцямна паказалі, што яна стукала ў шкло аўтамабіля і тузала ручку дзверцы машыны.

Але гэтыя сведчанні былі бляклымі, няўпэўненымі – кажа Дамшаль. – І адзін, і другі блыталіся ў паказаннях. Аднаго з іх я наагул там не бачыла, і ён гаварыў няўпэўнена”.

Але былі яшчэ тры пісьмовыя паказанні амапаўцаў, якія зачытвалі на судзе. А тыя сведчылі пра тое, што Дамшаль ледзь не кулакамі выбівала шкло ў машыне, вырывала сілай ручку дзверцы. У выніку яна так і не зразумела – як суддзя, нават бачыўшы яе ў маніторы камп’ютэра, магла ва ўсё гэта паверыць.

Мяне ў 63 гады зрабілі хуліганкай, – разачаравана кажа спадарыня Станіслава. – Але мне за гэта не крыўдна, бо там былі сотні людзей, якія бачылі, як там усё адбывалася. Крыўдна няхай будзе сведкам і суду, што яны такое твораць”.

А яшчэ яна дадае, што яе штраф складае 540 рублёў, а пенсію яна атрымлівае – 270 рублёў. І, маўляў, два месяцы давядзецца не плаціць камунальныя і нічога не есці, бо так вырашыў суд.

У дачыненні да Юліі Карначовай і Яўгенія Клімука суд таксама прыняў да ведама толькі сведчанні міліцыянтаў, якія казалі, што падсудныя спрабавалі спыніць міліцэйскі аўтамабіль і праявілі хуліганскія дзеянні.

Праваабронца Раман Юргель, які прысутнічаў на працэсе, звярнуў увагу на тое, што абвінавачаныя віны свае не прызналі, што на відэа добра відаць – ніякіх хуліганскіх дзеянняў не рабілі, нават агрэсіі гэтыя людзі не праяўлялі, але ўсе прысуды, паводле яго, скіраваныя на тое, каб запалохаць актыўных грамадзян падчас выбарчай кампаніі.