“Ланцуг салідарнасці” у Слоніме

Двое мужчын і чацвёра жанчын 24 чэрвеня асуджаныя за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Траіх з іх аштрафавалі на 5 базавых велічынь (па 135 рублёў) і яшчэ траіх на 4 базавыя велічыні (па 108 рублёў). Усе асуджаныя не прызналі сябе вінаватымі.

Паводле Дзмітрыя Наўгародскага, якога асудзілі на 5 базавых велічынь, супраць усіх сведчылі двое міліцыянераў. Іх абвінавачванні зводзіліся да таго, што пікетаванне праводзілася без дазволу ўладаў.

Нам усім зачытвалі ў судзе што азначае паняцце “пікет” і практычна на гэтым іх сведчанні заканчваліся, – кажа Наўгародскі. – Але ніхто з іх не казаў пра тое, што яны пад’ехалі да нас, загадалі сядаць у машыну, а ніхто з іх не прадставіўся, не папярэдзіў нас, што мы парушаем заканадаўства”.

Пасля прысуду Дзмітрый Наўгародскі сказаў, што ўсё роўна не разумее, як можна судзіць людзей, якія проста стаялі на вуліцы і пры гэтым не прыцягвалі ўвагі, не трымалі ў руках транспарантаў, не перашкаджалі транспарту і пешаходам.

Нават калі мы выказвалі салідарнасць з іншымі затрыманымі людзьмі, але ж мы не парушалі ні грамадскага парадку, ні законаў – мы проста моўчкі стаялі”, – канстатуе Дзмітрый.

Яго жонка – Вольга гэтаму не здзівілася. Яна сказала журналістам, што рыхтавалася нават да таго, што за гэта іх могуць пасадзіць у турму. Маўляў, салідарнасць у судзе ператварылі ў злачынства.

Усе затрыманыя патрапілі ў такую сітуацыю ўпершыню. Дзмітрый Наўгародскі зазначыў, што за гэтыя дні вельмі шмат зразумеў з таго, што адбываецца ў краіне. Асабліва яго ўсцешыла тое, што да іх тэлефанавалі дзясяткі людзей, прапаноўвалі падтрымку.

Я насамрэч адчуў, што ў Беларусі ёсць салідарнасць паміж людзьмі”, – заўважыў ён.

“Ланцуг салідарнасці” у Слоніме адбыўся 20 чэрвеня, праўда, доўжыўся ён не больш 50 хвілін.