Затрыманьне, Гомель, 19 чэрвеня. Ілюстрацыйнае фота

Улады Беларусі зазнаюць усё большы міжнародны ціск у сувязі з затрыманьнямі прынамсі 14 журналістаў, трох зь якіх абвінавацілі за рэпартажы з акцыяў пратэсту супраць кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі на мінулым тыдні. Выказаўся і Дзяржаўны дэпартамэнт Злучаных Штатаў.

Дзясяткі судовых паседжаньняў, у тым ліку каля 50 у Менску, прайшлі 22 чэрвеня ў справах аб удзеле ў акцыях пратэсту пад назвай «ланцуг салідарнасьці». Бальшыню затрыманых абвінавацілі ва ўдзеле ў «несанкцыянаванай маніфэстацыі» або ў «непадпарадкаваньні міліцыі».

Некаторыя з затрыманых ужо паўсталі перад судом — сярод іх журналісты, якія асьвятлялі грамадзянскія акцыі 19 і 20 чэрвеня ў падтрымку незалежных кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі і зьняволеных апазыцыйных палітыкаў.

Мэдыякарпарацыя Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода атрымала электронны ліст Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША з заклікам да ўраду Беларусі паважаць правы чалавека, дэмакратычныя нормы і выконваць абавязаньні, узятыя на сябе дзяржавай у якасьці ўдзельніцы АБСЭ. Сярод гэтых абавязаньняў — забесьпячэньне свабодных і справядлівых выбараў.

«Свабодныя і справядлівыя выбары — гэта нешта большае, чым падзеі, што адбываюцца ўласна ў дзень галасаваньня. Мы заклікаем урад Беларусі забясьпечыць роўныя ўмовы для ўсіх, хто жадае ўзяць удзел у выбарах, уключна з рэгістрацыяй кандыдатаў, доступам да СМІ ды іншымі аспэктамі кампаніі, — гаворыцца ў лісьце Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША, адрасаваным уладам Беларусі. — Павага да фундамэнтальных свабодаў, у тым ліку свабоды мірных сходаў, свабоды слова і свабоды асацыяцыяў, мае вырашальнае значэньне для ўмацаваньня ўзаемадачыненьняў паміж ЗША і Беларусьсю».

Ціск на СМІ ў Беларусі адбываецца адначасова з наступам Лукашэнкі на лідэраў апазыцыі. Пад арыштам галоўныя патэнцыйныя кандыдаты, і гэта, як лічаць назіральнікі, стала найбольшым выклікам Аляксандру Лукашэнку за ўвесь пэрыяд яго кіраваньня.

Беларуская асацыяцыя журналістаў і 40 сродкаў масавай інфармацыі, якія дзейнічаюць у Беларусі, 23 чэрвеня выпусьцілі сумесную заяву з патрабаваньнем спыніць «перасьлед журналістаў». Журналісты абвінавачваюць улады Беларусі ва ўжываньні гвалту супраць работнікаў СМІ.

Поделиться ссылкой: