Ірына Адамаўна Гарошка

Ірына Гарошка, адзінокая 78-гадовая пенсіянерка, жыве ў цэнтры Шчучына ў доме, які паводле ўсіх санітарных нормаў не прыгодны для пражывання чалавека. Жылая плошча 15 квадратных метраў – адзін пакой без кухні. Няма ні вады, ні газу, ні ацяплення, гнілыя падлога, сцены і вокны. У чаргу на кватэру стала яшчэ ў 1965 годзе, але ўліковая картка была згублена. Адноўлена і пастаўлена на ўлік у райвыканкаме ў 1999 годзе. Зараз на вуліцы 2020 год, ХХІ стагоддзе.

Як у Шчучыне дбаюць пра дачку загінуўшага франтавіка
Дом №10 па вуліцы Першамайскай у Шчучыне

“Бамжую па людзях…”

Шчучын – невялікі раённы горад. Прыватны сектар змяшаўся з забудовай савецкіх пяціпавярховак. Дом Ірыны Адамаўны практычна ў цэнтры. Цяжка сказаць калі ён быў пабудаваны, але відавочна, што даўно: сцены не шалёваныя, вокны хутка павыпадаюць, бо рамы пагнілі, ніякіх выгодаў – няма нават прыбіральні ў двары. Гаспадар такога дома ў цэнтры Шчучына – мясцовая камунальная гаспадарка.

У доме чатыры кватэры, тры з іх пустыя, паколькі дом аварыйны, а ў адной жыве пенсіянерка – Ірына Адамаўна Гарошка. Ёй 78 гадоў, усё жыццё адпрацавала ў Шчучыне на розных прадпрыемствах, стаіць у чарзе на атрыманне кватэры, з яе слоў, з 1965 года.

Першае пра што я запытаўся ў сталай жанчыны – як вы тут жывяце?

А вось так і жыву, – наўпрост кажа змучаная і знясіленая жанчына. – За вадой хаджу за кіламетр, каб прыгатаваць есці – кіпячу толькі ваду, бо кухні няма, газавай пліты няма.  Печка таксама не паліцца, бо забіты комін. Абаграваюся толькі тым, што лямпачкі ўключаю. Сціркай займаюся дзе-небудзь у людзей. А прыбіральні таксама няма, то выношу вядро ў кантэйнеры са смеццем.

Трохі памаўчаўшы, моцным старэчым голасам дадае, што прыходзіць у дом толькі ўлетку, бо ў астатні час холад і начаваць у хаце немагчыма.

Астатні час бамжую па людзях, дзе каму што раблю, то пускаюць мяне пераначаваць, – жанчына ізноў на хвіліну замаўкае, а потым ужо цішэйшым голасам дадае. – Я адна, у мяне сям’і не было, тата на фронце загінуў, мама памерла…

Я на хвіліну прайшоў у дом, але выскачыў адтуль імгненна – антысанітарыя, бруд, закопчаныя сцены, смярдзіць, ніякай мэблі, горш, чым выглядае дом звонку…

“Не дапамагло і тое, што была дзіцём загінулага франтавіка”

З нецярпеннем чакаю расказу Ірыны Адамаўны аб тым, як яна апынулася ў такім доме і чаму за ўсё жыццё не атрымала ад дзяржавы кватэры. Яна ізноў трохі маўчыць, нібы пераводзячы дыханне, потым паціху прыносіць цэлую тэчку з паперамі. Скаргі, рашэнні судоў, адказы чыноўнікаў…

У Шчучыне яе паставілі ў чаргу на кватэру яшчэ ў 1965 годзе, паколькі яна, працуючы на хлебакамбінаце, здымала ў людзей пакойчык. Затым у 1975 годзе добрыя чыноўнікі прапанавалі ёй пакойчык у доме на вуліцы Першамайскай і пры гэтым запэўнілі, што з чаргі на атрыманне кватэры не здымаюць. Пацвердзілі гэта тым, што дом на Першамайскай па санітарных нормах не падлягае для пражывання і ў хуткім часе будзе знесены.

Дарэчы, у гэтай тоўстай тэчцы шмат цікавых дакументаў. Вось, да прыкладу, заключэнне санэпідэмстанцыі аб тым, што вада ў іх калодзежы не прыдатная для піцця. Афіцыйная папера з райгаза, у якой газавая служба адмаўляецца падключыць газавы балон з-за таго, што ў кватэры няма для гэтага ўмоў.

Відавочна, што чакаючы жылля, тады яшчэ маладая жанчына імкнулася хоць нейкім чынам наладзіць свой быт, але ніхто не браў на сябе адказнасці праводзіць камунікацыі ў аварыйны дом.

Час ішоў, а кватэры мне так ніхто і не даваў, – згадвае Ірына Адамаўна. – На працы і ў райвыканкаме казалі, што пакуль няма такой магчымасці, маўляў, вам належыць аднапакаёўка, а такіх няма. Не дапамагло, што я была сіратой і мой тата загінуў на фронце.

Можна ўявіць, што з 1965 года і да гэтага часу ў Шчучыне так і не з’явілася аднапакаёўкі для адзінокай жанчыны ў ільготнай чарзе.

Калі час ужо падыходзіў да пенсійнага спадарыня Ірына пачала пісаць скаргі на чыноўнікаў у самыя розныя ўстановы. Ёсць нават адказ з Вярхоўнага Савета БССР 1991 года, які інфармуе, што “заява грамадзянкі Гарошка па пытанню паляпшэння жыллёвых умоваў узята на кантроль раённым Саветам дэпутатаў”.

Тыповыя савецкія фармуліроўкі, якія давалі простым людзям надзею, але насамрэч былі толькі адпіскамі за якімі нічога не стаіць.

Перапіска і скаргі працягваліся ўжо і ў новаўтворанай Рэспубліцы Беларусь, толькі, як заўважае жанчына, з тымі самымі дзяржаўнымі  ўстановамі і амаль з тымі самымі людзьмі.

Вось цікавы адказ з Гродзенскага абласнога ўпраўлення дзяржкантролю ў 2008 годзе.

Згодна з дакументам, уліковая картка, якая сведчыла аб знаходжанні спадарыні Гарошка ў чарзе па паляпшэнню жыллёвых умоў у перыяд з 1965 па 1974 года бясследна знікла і аднавіць гэты перыяд не прадстаўляецца магчымым.

І чамусьці адразу ў дакуменце канстатуецца, што Гарошка звярнулася ў райвыканкам з просьбай аб паляпшэнні жыллёвых умоваў толькі ў 1999 годзе і пасля таго, як яе жыллё на Першамайскай было абследавана, пастаўлена на ўлік па паляпшэнню жыллёвых умоў пад нумарам 282. Мінуў 21 год нават з гэтае даты, а спадарыня Гарошка ў свае 78 год так і не мае кватэры.

Суды з камунальнікамі

Яшчэ цікавыя паперы з яе тэчкі. Гарадская ЖКГ праз суд дамагаецца аплатаў ад грамадзянкі Гарошка. Ірына Адамаўна кажа, што плаціла за пакой у гэтым доме невялікія грошы, але паколькі амаль не жыла тут, то вырашыла і не плаціць.

У мяне, дарэчы, і пенсія была ўсяго 270 тысяч, гэта ўжо пасля 75 гадоў стала атрымліваць 470 рублёў. – кажа жанчына. – Я раней плаціла, але калі не стала жыць, то за што плаціць…

Жанчына ізноў на некаторы час змоўкла. Па рашэнню Шчучынскага суда з яе пенсіі зыскалі 178 рублёў з капейкамі на карысць ЖКГ.

Гэта не першае рашэнне, – кажа Ірына Адамаўна. – Мы напэўна разы чатыры так судзіліся.

Жанчына распавядае, што да яе неаднойчы прыходзілі розныя камісіі з райвыканкама вывучаць яе жыллёвыя ўмовы, але ніякіх зменаў так і не наступіла.

Як жыць далей яна папросту ня ведае….

“Наздзекваліся над ёй…”

У двары, пачуўшы нашую размову падышла суседка, таксама сталага веку. Яна кажа, што Ірына Адамаўна не жыве, а пакутуе. А тое, што за столькі гадоў ёй не далі жылля – гэта, паводле суседкі, здзек над чалавекам.

Тут усё так робіцца і яны ні на кога не глядзяць, абы сабе ў кішэні, – злосна кажа сталая жанчына. – І куды вось цяпер чалавеку падзецца ў такім узросце?

Калі Ірына Адамаўна адыйшла ў дом, суседка шэптам кажа, што ўлады толькі чакаюць, каб здаць яе ў дом прыстарэлых, каб не мазоліла ім вочы.

Вось да такога мы дажылі… – сказала жанчына і пайшла ў свой дом.

“Яна ад усяго адмаўляецца…”

У Шчучынскім райвыканкаме ў аддзеле жыллёва-камунальнай гаспадаркі пра Ірыну Адамаўну Гарошка ведаюць. Старэйшы інспектар Вольга Малюгіна пацвердзіла, што Гарошка неаднойчы звярталася да іх з просьбай палепшыць жыллёвыя ўмовы і ёй неаднаразова прапаноўвалі варыянты.

Яшчэ раней ёй прапаноўвалася будаваць кватэру праз ЖСК, пазней неаднойчы прапаноўвалі варыянты камерцыйнага жылля, – пералічвае чыноўніца. – Але яна ад усіх прапаноў адмаўляецца.

Малюгіна кажа, што яе неаднойчы наведвалі камісіі з райвыканкама, прапаноўвалі ў дапамогу сацыяльнага работніка і сацыяльнае месца ў доме для прыстарэлых, але яна зноў такі ад ўсяго адмаўляецца.

Але чаму тая ж Гарошка, стаяўшы ў чарзе на жыллё з 1965 года, а потым яшчэ на ільготнай чарзе з 1999 года, не атрымала ад дзяржавы бясплатнай кватэры, як тады гэта атрымлівалі ўсе людзі – на гэта адказу няма.

За той час я адказаць не магу, бо тады яшчэ не працавала, – коратка патлумачыла Вольга Малюгіна. – А зараз сацыяльнае жыллё ў нас практычна не будуецца. Раней трохі было, але да яе, відаць, чарга не дайшла.

Канешне, лягчэй разважаць пра тое, што адзінокі чалавек мог бы на пенсію здымаць камерцыйнае жыллё, альбо адрамантаваць і правесці камунікацыі ў той дом, дзе жыве зараз. Гаварыць можна пра ўсё што заўгодна, а як жыць адзінокай жанчыне, якой 78 год, у доме без ацяплення, вады, газа, прыбіральні – філасофія не для тых, хто ўсё гэта маюць з дзяцінства.

І ніхто з чыноўнікаў так і не можа здагадацца – а чаму ж тая Гарошка ад усяго адмаўляецца…

Газета «Народная Воля» за 23 чэрвеня 2020 года.