Фота: Instagram

Вось што напісала ў сваім інстаграме былая прэс-сакратарка АНТ Таццяна Курбат:

«У 2010 годзе, у год чарговых выбараў, я была прэс-сакратаром тэлеканала АНТ. Упэўнена, хтосьці памятае выпуск праграмы «Выбар», калі Сяргея Дарафеева звольнілі амаль у прамым эфіры. Бо адышоў ад узгодненага сцэнарыя і не змог стрымаць сваё абурэнне і грамадзянскую пазіцыю. З-за чаго галоўная па падліку галасоў проста выбегла са студыі.

А да гэтага цэлы год «нас гулялі» ў дэмакратыю і свабоду слова. Дазвалялі мачыць чыноўнікаў у эфіры і задаваць ім нязручныя пытанні, прыдумлялі правакацыйныя шоу, каб жартаваць з палітыкаў, стваралі ілюзію сумленнасці і непрадузятасці.

Мы ўсе падмануліся.

Мне было 23. І я, да свайго сораму, мала што разумела ў тым, што адбываецца.

Пасля той страшнай ночы, калі ілюзіі разбіліся, – усе хутка прыйшлі ў прытомнасць. Мне забаранілі прызнавацца журналістам іншых СМІ, што знікненне Дарафеева з эфіру звязана з палітыкай. «А інакш пойдзеш туды ж, куды і твой Дарафееў», – сказаў мне кіраўнік (які там ужо не працуе).

Мне было сорамна. Мне было брыдка. Мне было цяжка.

Не магу пахваліцца, што сышла адразу ж. Не. Цяпер, вядома, зрабіла б гэта ўмомант. А яшчэ верагодней – да ўсяго.

Як і ўсім тэлевізійнікам, мне было страшна страціць працу, чаргу на жыллё, стабільнасць…

У выніку ўсё ж звольнілася. Каб больш ніхто і ніколі не прымусіў мяне губляць твар. Перад самой сабой. Жыццё маё пасля дзяржаўнага ТБ ні на ёту не пагоршылася. Наадварот. Яно стала лепшым, свабоднейшым і больш сумленным.

Я не працавала тварам у кадры. Не плявузгала на невінаватых. Не фабрыкавала звесткі. Не склейвала па секундах інтэрв’ю для сюжэта, каб змяніць сэнсавыя націскі, як гэта рабілі «аўтары навін».

Не ўводзіла ў зман тых, хто верыць «тэлевізару». Але я ўсё гэта бачыла за кулісамі. І досыць недарэчна «перакладала» на мову іншых СМІ, якія прыходзілі да мяне ў прэс-службу з пытаннямі. Недарэчна, таму што не ўмела і не хацела хлусіць.

З горыччу і болем гляджу на тое, што адбываецца ў эфіры Беларускага тэлебачання цяпер. І па некалькі разоў на дзень літаральна крычу ў слухаўку маме і бабулі: «Гэта няпраўда!!! Слухайце мяне, а не БТ!!!» А яшчэ навучыла іх глядзець правільны інтэрнэт і ДУМАЦЬ».

Поделиться: