Фота https://t.me/nexta_live

Чарговыя затрыманні ў Мінску — гэтым разам каля крамы Symbal.by, куды людзі прыйшлі купіць патрыятычную прадукцыю праз хуткае закрыццё крамы, піша NN.by.

На вуліцы ўтварылася чарга, але неўзабаве прыехалі тры машыны міліцыі, у тым ліку аўтазак з АМАПам, куды без разбору пачалі кідаць людзей.

«Наша Ніва» звярнулася ў МУС з пытаннем, за што затрымліваюць людзей у чарзе.

«Людзі дастаўлены ў міліцыю для разбору ў мэтах спынення супрацьпраўнай дзейнасці, якая выказалася [вы бачылі, пэўна, па відэа] — яны заблакавалі машыну, зламалі люстэрка… Машына цывільная спрабавала выехаць», — сказала афіцыйны прадстаўнік мінскай міліцыі Наталля Ганусевіч.

Ганусевіч не адказала на пытанне «Нашай Нівы», як АМАП так хутка зразумеў, каго менавіта трэба затрымліваць за нібыта зламанае шкло — дзеянні АМАПа выглядалі абсалютна адвольнымі, яны хапалі ўсіх запар.

Відавочцы кажуць, што затрыманых дзясятак чалавек.

Разбор жа па такіх дробных скаргах у іншых абставінах ніколі не суправаджаецца масавымі затрыманнямі з дапамогай спецыяльных падраздзяленняў.