Аўтазак для Янкі Купалы
Міхась Скобла

Днямі быў абвешчаны новы лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Наталлі Арсенневай, якую заснавалі тры аўтарытэтныя грамадскія арганізацыі – Беларускі ПЭН-Цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў і Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Ім стаў паэт і перакладчык Андрэй ХАДАНОВІЧ з новай кнігай “Школа травы”. Раней гэтай прэміяй адзначаліся Уладзімір Някляеў (у 2017-м) і Алесь Разанаў (у 2018-м). Трэцім стаў мой сённяшні суразмоўца.

– Андрэй, віншую! Ты апынуўся ў годнай кампаніі. Здаецца, табе ўжо можна прывыкнуць да розных прэмій… Ці кожнага разу перажываеш, трапіўшы ў шорт-ліст: дадуць – не дадуць?

– Дзякуй за віншаванне! Вядома ж, перажываю. І за сябе, і за іншых удзельнікаў, і за арганізатараў. Сёлета найбольш пераймаўся, ці ўсё атрымаецца ў вымушаным анлайн-фармаце. Але, здаецца, усё прайшло проста выдатна.

– Прэмія носіць імя паэткі, да якой стаўленне ў Беларусі, мякка скажам, неадназначнае. Дагэтуль знаходзяцца ахвотнікі мазаць усіх эмігрантаў чорнай фарбай. Як ты лічыш, для чаго?

– Гэта сведчыць пра абсалютны брак культуры. Інакш як цемрашальствам такое “мазанне” і не назавеш. Гэта няведанне сваёй гісторыі, бо чыноўнікам выкладалася расійская, савецкая, якая заўгодна, але не беларуская. Таму, скажам, сталінізм для іх – гэта наша, а эмігранты – ворагі народа. Дарэчы, яшчэ больш за эмігрантаў дастаецца нашым літаратарам, рэпрэсаваным у 1930-я гады. Адпаведныя міністэрствы, здаецца, робяць усё, каб памяць пра забітых творцаў не вярталася, каб шырэйшыя колы пра іх не ведалі.

– Ты даўно і плённа наладжваеш супрацоўніцтва з замежжам – шмат перакладаеш англійскіх, французскіх, польскіх, украінскіх паэтаў. Гэта здорава, калі па-беларуску выходзіць сусветная класіка. Але калі замежных кніг з’яўляецца з кожным годам усё больш, а ўласна беларускіх – усё менш, ці не збіваецца “нацыянальны азімут” у галовах айчынных чытачоў?

– Прызнацца, ніколі не думаў у такім ключы. Перакладаючы, думаю хутчэй пра інтарэсы, як ты кажаш, айчынных чытачоў. Таксама пра развіццё магчымасцяў нашай мовы, здольнай засвоіць цікавыя сусветныя ўзоры. Нарэшце пра тое, на што выдадзены сёння па-беларуску замежны аўтар заўтра натхніць аўтара беларускага. А збіты “нацыянальны азімут”, на маю думку, – гэта калі студэнты БДУ замежнага класіка па-руску чытаюць ды яшчэ і не задумваюцца, што можна іначай…

Поўны тэкст інтэрв’ю Андрэя ХАДАНОВІЧА чытайце ў газеце “Народная Воля” за 23 чэрвеня

Поделиться: