Юрый Уласаў

Пасля 45 сутак арышту выйшаў на волю гомельскі актывіст Юрый Уласаў, каардынатар ініцыятыўнай групы па збору подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Святланы Ціханоўскай.

– Вядома, што першы раз вас затрымалі і асудзілі на 15 сутак за пікет салідарнасці на плошчы Леніна з арыштаваным Сяргем Ціханоўскім. А што адбывалася пазней чаму трымалі ў ізалятары ажно да 21 чэрвеня?

– Дадалі да пікета салідарнасці яшчэ і непадпарадкаванне міліцыі  і «зачынілі» на 15 сутак. Чарговыя пятнаццаць “накінулі” зноў жа паводле артыкула 23.34 КаАП – “Парушэнне парадку арганізацыі альбо правядзення масавых мерапрыемстваў”. Раней мы выпусцілі відэаролік, у якім выказваліся супраць удзелу Аляксандра Лукашэнкі ў выбарах прэзідэнта. Палічылі, што заклікалі на несанцыянаваныя масавыя акцыі.

Шостага чэрвеня мяне нібыта вызвалілі вывезлі на міліцэйскім рафіку ў канец вуліцы Барыкіна і выпусцілі каля нейкага будаўнічага ўпраўлення. Я там рэдка бываў. Не паспеў прайсці і дзесяці метраў, як наляцелі міліцыянты і зноў скруцілі мяне. Словам, прывезлі мяне ў засаду. Абвінавацілі, што я прылюдна спраўляў малую патрэбу. Склалі пратакол за дробнае хуліганцва і дадалі свае “аблюбленае непадпарадкаванне”. Так я трэці раз атрымаў 15 сутак.

– Цяпер жа пандэмія каранавіруса – засцерагаюцца ад яе ў ізалятары?

– Пры ўездзе давалі аднаразовыя маскі і антысептык для рук. Ахоўнікі ходзілі ў масках. Мяне трымалі ў камеры-адзіночцы. Не чуў, каб хтосьці там хварэў. Наогул, я быў там у поўнай ізаляцыі. Перамаўляцца праз адчыненае акенца з суседзямі па камеры не давалі: пагражалі зачыніць акно ў такую гарачыню. Перадалі мне толькі тры лісты ад жонкі, хоць яна напісала сем, і два лісты прыйшлі з волі са словамі падтрымкі – з Гомеля і Мар’інай Горкі. У ізалятары на знак пратэсту за апошняе затрыманне я галадаў 5 дзён, але, калі падняўся ціск, спыніў галадоўку.

– Як мяркуеце, чаму вас ізалявалі на такі працяглы час – на ўсю кампанію па збору подпісаў?

– Відаць таму, што я адкрыта выказваўся: цяперашнія парадкі ў Беларусі мяне не задавольваюць. Колькі можна сядзець і маўчаць? Мне ўжо пяцьдзесят два гады – час задумацца, што пакіну пасля сябе дзецям? Якую краіну? Тую, дзе нам дзесяцігоддзямі абяцаюць “па пяцьсот”? Дзе няма выбараў, а народ для ўлады ўжо стаў “народцам”? Пра перамены мы сталі гаварыць яшчэ ў лютым, калі выходзілі ў Гомелі на набярэжную карміць галубоў. Я ўмею дамаўляцца з людзьмі. Сёмага мая мы вышлі на плошчу – і мяне ізалявалі на паўтара месяца.

– Ведаеце, што Святлана Ціханоўская перадала ў Цэнтрвыбаркам 110 тысяч подпісаў за вылучэнне кандыдатам на прэзідэнта? Калі яе зарэгіструюць, будзеце ёй дапамагаць весці агітацыйную кампанію?

– А як жа, іначай для чаго было ўсё патрэбна?! Людзі абуджаюцца, разумеюць, што так далей жыць нельга. Нават у невялічкіх гарадках прайшлі акцыі салідарнасці. Паглядзеў ужо ў інтэрнэце.

– У мінулыя выходныя міліцыя і АМАП правялі брутальныя затрыманні мірных пратэстоўцаў у Гомелі, Мінску, Маладзечне, Брэсце, Ганцавічах. За кратамі ўжо тры тыдні знаходзіцца Сяргей Ціханоўскі з паплечнікамі, арыштаваны галоўны канкурэнт дзейнага кіраўніка дзяржавы на выбарах Віктар Бабарыка з сынам. Ваша трохступянёвая пасадка толькі што скончылася. Як лічыце, улада раскручвае перад выбарамі махавік прэвентыўных рэпрэсій і застрашэння?

– У існуючай улады няма іншых аргументаў, апроч брутальнага прававога бязмежжа, якое імкнуцца аздобіць у нейкія юрыдычныя формы. Пакуль на баку ўлады рэпрэсіўныя сілы. Яны проста ізалююць актыўных людзей, лідэраў меркаванняў – такіх, як Бабарыка, як Ціханоўскі. Па-іншаму не ўмеюць. Таму не толькі Лукашэнку трэба мяняць. Трэба ў краіне мяняць і правілы гульні – заканадаўства, ад якога залежаць гэтыя правілы.

Поделиться ссылкой: