Амбасадары краін Еўрасаюзу і ЗША адмовіліся ад камэнтарыяў пасля сустрэчы ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі з удзелам старшыні Камітэта дзяржкантролю Беларусі Івана Тэртэля, паведамляе карэспандэнт Свабоды.

Сустрэча працягвалася каля дзвюх гадзін, у ёй бралі ўдзел амбасадары ЗША, Польшчы, Італіі, Літвы, Швэцыі, Славакіі і прадстаўніцтва ЕС.

Амбасадар Італіі ў Беларусі Марыё Бальдзі паведаміў журналістам, што «была цікавая сустрэча», ім агучылі «агульную інфармацыю пра сённяшнія падзеі». Ён не ўдакладніў, пра якія канкрэтна падзеі вялася гаворка, але дадаў, што яны вітаюць адкрытасьць беларускага боку.

Іван Тэртэль і міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімір Макей адмовіліся ад камэнтарыяў.

Амбасадараў заходніх краін запрасілі на незапланаваную сустрэчу ў МЗС Беларусі. Тэму размовы пры запрашэнні беларускія ўлады не назвалі, паведамілі Свабодзе прадстаўнікі амбасадаў трох еўрапейскіх краін у Мінску.