Фота: Радыё Свабода

Вольга Паўлава, сябра ініцыятыўнай групы за вылучэньне Сьвятланы Ціханоўскай кандыдаткай у прэзыдэнты, 18 чэрвеня накіравала скаргу Аляксандру Лукашэнку і ягонай адміністрацыі.

Поўны тэкст скаргі ёсьць у распараджэньні Свабоды. Скарга накіраваная ад імя Паўлавай і яшчэ 36 чальцоў і валянтэраў ініцыятыўнай групы Ціханоўскай. Кіраўнік штабу, муж патэнцыйнай кандыдаткі Сяргей Ціханоўскі, а таксама прэс-сакратар штабу Аляксандар Кабанаў і шэраг іншых чальцоў групы, цяпер зьняволеныя.

У скарзе зьвяртаюцца да Аляксандра Лукашэнкі, бо ён як кіраўнік дзяржавы зьяўляецца гарантам Канстытуцыі і адказны за забесьпячэньне канстытуцыйных правоў грамадзянаў.

Група ставіць пад сумнеў «адпаведнасьць займаным пасадам» асобных службоўцаў у рэгіёнах, а таксама чальцоў Цэнтральнай выбарчай камісіі на чале зь Лідзіяй Ярмошынай, якая пазьбягае кантактаў з чальцамі ініцыятыўных групаў і «патурае парушэньням заканадаўства, з надуманай нагоды ініцыюе крымінальны перасьлед удзельнікаў выбарчай кампаніі, робіць неправамерныя заявы, у тым ліку пра тое, што шляхам збору подпісаў хочуць дамагчыся зьмены ўлады».

Таксама штаб заяўляе, што:

– Ярмошына «ўзяла на сябе функцыю законатворчасьці», чым перавысіла службовыя абавязкі, калі забараніла фота- і відэаздымкі на выбарчых участках, хоць гэтыя дзеяньні не забароненыя заканадаўствам;
– пры здачы подпісаў за Ціханоўскую ў тэрытарыяльныя камісіі ў асобных рэгіёнах подпісы не прымаюць «з надуманых нагодаў, па-свойму трактуюць заканадаўства»;
– шэрагу ініцыятыўных групаў неправамерна адмовілі ў рэгістрацыі, са сьпісаў неправамерна выключалі чальцоў групаў;
– у краіне ідуць масавыя арышты чальцоў ініцыятыўных групаў, удзельнікаў пікетаў, сканфіскаваныя тысячы подпісаў, што выклікала «вялікі грамадзкі рэзананс ува ўсім сьвеце»;
– подпісы людзей з інваліднасьцю (сьляпых, з адсутнасьцю рук, з трэмарам рук) не прымаюць, падпісны аркуш з подпісам і датай, якія «выходзяць на тры палі», прызнаюць несапраўдным.

Да ліста прыклалі дыск з аўдыёзапісамі размоваў з прадстаўнікамі ЦВК, каб «зьвярнуць увагу на адвольную трактоўку імі выбарчага заканадаўства».

Пералічанае вышэй, адзначаюць у лісьце, «ставіць пад сумнеў ня толькі легітымнасьць гэтай перадвыбарчай кампаніі, але і тое, што Рэспубліка Беларусь ёсьць дэмакратычнай дзяржавай, а Канстытуцыя — яе асноўным законам».

Чальцоў ЦВК і выбарчых камісіяў, датычных да парушэньня законаў, патрабуюць зьняць з пасадаў, а калі Лукашэнка адмовіцца «выконваць ускладзеныя на яго абавязкі», то просяць яго пакінуць пасаду прэзыдэнта і зьняць кандыдатуру з выбараў.

Поделиться ссылкой: