Фота са старонкі УКантакце.

Патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты фермер Юрый Ганцэвіч сабраў вельмі мала подпісаў, таму не падаваў іх у выбарчыя камісіі. А ў некаторых членаў ініцыятыўнай групы сам забраў пасведчанні, паведамляе “Наша Ніва“.

«У мяне людзі паадмаўляліся збіраць подпісы ў сувязі з пагрозамі, арыштамі. У іх жа сем’і, я не магу прымушаць. Яны мне пасля скажуць: вось, праз цябе нас пераследуюць. Людзі ж у сацсетках бачаць, як членаў ініцыятыўнай групы Ціханоўскага затрымліваюць проста так.

Таму некаторым блізкім сябрам і знаёмым я сам прапанаваў не збіраць подпісы і забраў у іх пасведчанні. У мяне няма столькі грошай, як у Бабарыкі, каб заплаціць за штрафы, калі маіх людзей будуць затрымліваць, — я звычайны фермер», — тлумачыць Юрый Ганцэвіч.

Ён правёў толькі адзін пікет — у полі, у сваім аграгарадку Пакалюбічы. Кажа, што зрабіў яго пробным, каб паназіраць, што будзе.

«З усіх бакоў стаялі службовыя аператыўныя машыны, назіралі за гэтым. І больш я пікетаў не рабіў, бо навошта падстаўляць людзей», — дзеліцца фермер.

Раней Ганцэвіч заяўляў, што падаў сваю заяўку, каб быць запасным варыянтам Сяргея Ціханоўскага. Сам Ціханоўскі пасля абверг гэта — маўляў, ніякай дамовы не было, дый не можа чалавек без вышэйшай адукацыі разлічваць на прэзідэнцкае крэсла. Ганцэвіч кажа, што, нягледзячы на гэта, яны з блогерам па-ранейшаму ў добрых стасунках.

«Калі Сяргей выйшаў з ІЧУ, нейкія людзі яму па вушах праехаліся, увялі ў зман. Потым ён выбачыўся. А што ў мяне няма адукацыі… Нічога крыўднага ў гэтых словах я не ўбачыў — у мяне насамрэч яе няма. Прэзідэнтам у гэтай краіне ўсё роўна ніхто не можа быць — ні я, ні Сяргей, ні яго жонка, — бо ў нас прэзідэнт адзін».

Фермер дадае, што за час кампаніі расчараваўся ў людзях.

«На гэты момант я лічу, народзец заслугоўвае гэтай улады. Ён баязлівы», — выказаўся Ганцэвіч.

Поделиться ссылкой: