Ініцыятыўная група Святланы Ціханоўскай сабрала 100 тысяч подпісаў, кажа патэнцыйная кандыдатка на прэзыдэнцкую пасаду. «Фактычна яны ёсьць, але ці пасьпеем мы іх здаць фізычна, бо ўмовы не на нашу карысьць… Але мы вельмі стараемся гэта зрабіць», — сказала Сьвятлана Ціханоўская ў камэнтары Свабодзе.

Паводле Святланы, на сябраў ініцыятыўнай групы ідзе ціск. «На мяне ціску няма, але эмацыйна і псыхалягічна вельмі цяжка», — дадала яна.

Сябры ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай трапляюць пад адміністрацыйныя арышты, кіраўнік групы — яе муж, вядомы блогер Сяргей Ціханоўскі, прызнаны палітвязьнем, цяпер знаходзіцца ў сьледчым ізалятары. Нядаўна яго зьмясьцілі ў карцэр «за парушэньне ўнутранага распарадку СІЗА».

Святлана мусіць паехаць па беларускіх гарадах, каб самастойна здаць подпісы ў тэрытарыяльныя камісіі.

«Мне трэба зрабіць гэта (здаць подпісы. — РС) дзеля Сяргея і людзей, якія так шмат працавалі, зьбіралі подпісы ў дождж і сьпёку, якія стаялі ў вялікіх чэргах, каб падпісацца. Я буду старацца, каб паказаць, што мы здолелі гэта зрабіць (сабраць 100 тысяч. — РС). Спыніцца зараз было бы здрадай і Сяргею, і людзям, якія паверылі яму, прыйшлі за яго падпісвацца. Тое, што я апынулася на перадавой — гэта проста так атрымалася. Я падвесьці яго проста не магу. Калі каханьне — то да канца», — патлумачыла Святлана Ціханоўская.

Поделиться ссылкой: