Фото https://reform.by

Аб гэтым паведамляе беларуская рэдакцыя Польскага радыё.

Дзевяць чалавек на польска-беларускім пагранічным пераходзе ў Кузніцы (Падляскае ваяводства Польшчы) інфікаваныя каранавірусам. Яны тэрмінова пераведзены на ізаляцыю. У іх не назіраецца сур’ёзных сімптомаў захворвання.

Яшчэ 35 супрацоўнікаў знаходзяцца на каранціне. У калектыве было праведзена больш за 30 тэстаў на каранавірус, іх вынікі пакуль невядомыя.

Пераход у Кузніцы, нягледзячы на ўспышку COVID-19, паводле Польскага радыё, функцыянуе нармальна. Інструктаж праводзіцца планава, ніякіх перашкод няма. Ужо даўно памежнікі працуюць па зменнай сістэме. Іх праца арганізавана такім чынам, каб вартавыя розных змен не перасякаліся адзін з адным.

У Гродзенскай рэгіянальнай мытні карэспандэнту “Народнай Волі” паведамілі, што хворых на каранавірус сярод іх работнікаў на пагранічным пераходзе “Брузгі” няма. Галоўны спецыяліст Юлія Раманюк падкрэсліла, што яны строга прытрымліваюцца  санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў на працы.

Паводле прэс-службы Пагранічнага камітэту Беларусі, сярод іх супрацоўнікаў, якія задзейнічаны на пагранічным пераходзе “Брузгі”, інфікаваных COVID-19 таксама няма. Служба праходзіць у штатным рэжыме.