Павел Палейчык. Фота са старонкі «УКантакце»

Фельчар хуткай дапамогі з Ліды распавёў “Народнай Волі” пра сваю грамадзянскую пазіцыю, заканчэнне кантракта і неверагодную падтрымку з боку неабыякавых людзей.

Яшчэ ў красавіку Павел Палейчык падчас сустрэчы, якая была арганізавана блогерам Сяргеем Ціханоўскім, выказаўся на камеру пра сітуацыю з каранавірусам у горадзе. А да гэтага Павел звярнуўся за дапамогай да валанцёраў, таму што медыкам не хапала сродкаў абароны.

За ўдзел у стрыме лідскі фельчар атрымаў 7 сутак арышту, а зараз стала вядома, што кантракт, які заканчваецца 9 ліпеня, працягваць з Паўлам Палейчыкам не будуць.

Пасля гэтага на платформе MolaMola запусцілі збор для дапамогі фельчару. Планавалася сабраць 2 тысячы рублёў, але ў выніку амаль за суткі Паўлу назбіралі 20.360 рублёў!

– Пасля школы скончыў Слонімскі медыцынскі каледж і з 2014 года працую ў Лідзе на станцыі хуткай дапамогі, – распавядае пра сябе Павел. – Спачатку, безумоўна, складана даводзілася, але, як кажуць, да ўсяго прызвычайваешся.

– Якія ў фельчара заробкі?

– Апошнім часам зарабляў прыкладна 700–800 рублёў у месяц. Жонка ў дэкрэтным адпачынку, таму грошай хапала ад зарплаты да зарплаты.

Дарэчы, Юля таксама працуе ў Лідскай раённай бальніцы ўрачом-рэаніматолагам, выйшла на паўстаўкі, бо трэба яшчэ і за праватызацыю жылля штомесяц плаціць.

– Як вы патрапілі на сустрэчу з Ціханоўскім?

– Калі даведаўся, што блогер прыязджае ў Ліду, вырашыў выказацца на камеру пра тое, што на душы набалела, – хацелася сказаць добрыя словы валанцёрам, распавесці пра недахоп машын на станцыі, бо ў нас людзі “хуткую” чакаюць па 2–3 гадзіны. Машыны адпраўляюць і ў Гродна, і ў Слонім, і ў Мінск.

Былі, натуральна, перасцярогі, што могуць быць рэпрэсіі на працы, але я перамог свой страх. Тым больш што нічога крамольнага не казаў. Выказаўся толькі пра тое, што было на самай справе.

– Не думалі, што за гэта дадуць яшчэ і 7 сутак адміністрацыйнага арышту?

– Я ў шоку быў ад гэтага! Я ж не на мітынг ішоў, а да блогера. Не бегаў па вуліцах з плакатамі, не заклікаў да перавароту ў рупар. Але, як бачым, атрымалася тое, што атрымалася.

Тыдзень давялося правесці ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, і трэба сказаць, што ўражанні не самыя лепшыя. Смярдзючыя матрацы і коўдры, у камеры цёмна і холадна. Такое доўга не забудзеш!

Хаця варта адзначыць, што міліцыянеры ўсё разумелі і ставіліся да мяне добра.

– Прагназавалі, што пасля гэтай гісторыі кантракт з вамі могуць не працягнуць?

– Рыхтаваўся да гэтага. Таму і звярнуўся праз СМІ да грамадскасці, каб дапамаглі мне знайсці працу, калі ў некага ёсць такія магчымасці. Мне адразу пачалі тэлефанаваць, пісаць, арганізавалі на платформе MolaMola збор сродкаў.

Салідарнасць была проста неверагодная! За суткі сабралі больш за 20 тысяч рублёў, таму ўсім людзям, якія аказалі дапамогу, хачу сказаць вялікі дзякуй. Хаця, шчыра кажучы, апошнім часам я вельмі стаміўся ад усёй гэтай славы. І пагаджаюся на інтэрв’ю больш з-за таго, каб праз СМІ падзякаваць людзям за дапамогу.

– Ці ёсць прапановы па працы?

– Так, ужо на наступным тыдні буду вызначацца, хаця мне яшчэ можна працаваць да 9 ліпеня.

– Не спрабавалі пагутарыць з кіраўніцтвам Лідскай раённай бальніцы?

– Я прыйшоў да галоўнага ўрача бальніцы Вадзіма Трубчыка і запытаўся: “Гэта асабіста ваша рашэнне не працягваць кантракт?” Той адказаў: “Не толькі маё”. І параіў пасядзець дома і падумаць. Я так разумею, што падумаць я павінен быў над сваімі “непрыстойнымі” паводзінамі.

Дарэчы, каля 80 калег са станцыі падпісаліся за тое, каб кантракт са мной быў працягнуты. Я затым аднёс ліст з подпісамі галоўнаму ўрачу, але той не ацаніў салідарнасць медыкаў. Ён на гэты ліст нават не зірнуў.

***
Газета “Народная Воля” № 47 (4505)

Поделиться: