Сяргей Ціханоўскі ў Гродне. Фота: svaboda.org

За апошнія некалькі дзён у Гродне складзены некалькі пратаколаў на тых, хто апынуўся на Савецкай плошчы падчас арышту блогера Сяргея Ціханоўскага. Ёсць і асуджаны.

Пераслед
На плошчы Савецкай у Гродне, дзе вядзецца збор подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў. Фота аўтара

“Я за 63 гады ніколі не была ў міліцыі, а тут…”

На Станіславу Дамшэль, якой 63 гады, склалі пратакол і абвінавацілі ў дробным хуліганстве. Яна апынулася на Савецкай плошчы якраз у той момант, калі арыштоўвалі Ціханоўскага, і літаральна ёй пад ногі ўпаў міліцыянер. Гэта маглі бачыць усе жадаючыя ў інтэрнэце.

Пакуль толькі вядома, што на спадарыню Станіславу заведзена адміністрацыйная справа па ч.1 арт.17 КаАП. Аб гэтым ёй паведамілі міліцыянеры, якія наведваліся да яе домоў, але размова адбылася толькі праз плот.

“Відавочна, што мяне і тых, хто прыходзіў на плошчу падпісацца за Святлану Ціханоўскую, хочуць запалохаць, каб мы нікуды нос не высоўвалі, – кажа жанчына. – Я 63 гады пражыла і ніколі не была ў міліцыі, а тут мяне вырашылі застрашыць. Мне цяпер самой цікава даведацца, каго я так пакрыўдзіла”.

Спадарыня Станіслава ніколі членам ніякіх партый не была, у палітыку не лезла, а на плошчу прыйшла таму, што асоба Сяргея Ціханоўскага яе зацікавіла.

“Я глядзела ўсе яго стрымы, і ён мне паказаў, што такое Беларусь, – прызнаецца спадарыня Дамшэль. – Я сама нідзе па Беларусі не ездзіла, у мяне пенсія 268 рублёў – куды тут паедзеш? А яго стрымы мне паднялі настрой, з’явілася надзея на тое, што можа нешта змяніцца. Таму я і прыйшла на сустрэчу з Ціханоўскім. Але ж гэта не забаронена ў нас законам”.

У спадарыні Станіславы трое дзяцей, і яны ўспрынялі гэтую сітуацыю як камічную, але ёй самой усё гэта вельмі непрыемна. Маўляў, хоць і шмат людзей адэкватна адклікаюцца ў інтэрнэце, але многія не будуць разбірацца, за што цягнуць у міліцыю.

“Я была звычайнай жанчынай, як усе, а цяпер з мяне робяць невядома каго”, – сумна заўважае Станіслава Дамшэль.

У пенсіянера Саляніка ўжо не першы суд

Мікалая Саляніка забралі на наступны дзень пасля падзей на Савецкай плошчы, калі ён прыйшоў у пастарунак даведацца пра тое, дзе знаходзіцца Ціханоўскі.

У міліцыі яму стала дрэнна, выклікалі хуткую дапамогу. Ён сардэчнік, інвалід другой групы. Праляжаў чатыры дні ў шпіталі пад аховай міліцыі, а пасля выпіскі яго зноў павезлі ў пастарунак. Туды ж прыехаў суддзя, і Саляніка на месцы аштрафавалі на 40 базавых велічынь “за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве”. Тэлефон яму дагэтуль не вярнулі, нумар не адказвае.

Невялічкая дзяўчынка нібыта трымала міліцэйскі аўтобус

Юля Карначаева – сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай. У панядзелак, калі яна збірала подпісы за сваю прэтэндэнтку, да яе прыйшлі міліцыянеры ў цывільным. Прапанавалі паехаць у міліцыю, паведаміўшы, што на яе складзены адміністрацыйны пратакол.

Дзяўчына спрабавала высветліць, у чым канкрэтна яе вінавацяць, але міліцыянеры на месцы нічога не хацелі тлумачыць. Вярнуўшыся праз некалькі гадзін, Юля сказала “Народнай Волі”, што яе абвінавачваюць у дробным хуліганстве.

“Мне ніякіх сведчанняў не паказалі, але сказалі, што я нібыта трымала міліцэйскі аўтобус, на якім адвозілі з плошчы Ціханоўскага і яго паплечнікаў”, – распавяла Юля.

Позвы ў суд пакуль не прыслалі, але, паводле слоў дзяўчыны, сказалі, што на працягу двух тыдняў павінна атрымаць. Юля Карначаева таксама ніколі раней не займалася палітычнай дзейнасцю, але прыйшла ў каманду Ціханоўскай, бо разумее, што так далей жыць ужо нельга.

Дарэчы, на Гродзеншчыне пачаўся збор сродкаў у дапамогу рэпрэсаваным актывістам.

Поделиться ссылкой: