Збор подпісаў за Святлану Ціханоўскую ў Гомелі, 28 мая. Фота Уладзіміра Грыдзіна

Адладжаны судовы канвеер, скіраваны на пакаранне тых, хто падтрымліваў відэаблогера і заснавальніка Youtube-канала «Cтрана для жизни» Сяргея Ціханоўскага, нечакана даў збой у Гомелі.

Суд Цэнтральнага раёна 10 чэрвеня перанёс на два тыдні пазней слуханне адміністрацыйнай справы супраць Алы Грэчкі, абвінавачанай ва ўдзеле 7 мая ў акцыі салідарнасці з відэаблогерам на плошчы Леніна. Ала – сябра ініцыятыўнай групы па збору подпісаў за вылучэнне Святланы Ціханоўскай кандыдатам у прэзідэнты.

«У адміністрацыйнай справе ўказаны двое сведкаў майго ўдзелу ў нібыта несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Таму я і заявіла хадайніцтва пра выклік іх у суд. Хадайніцтва задаволілі», – распавяла журналісту «Народнай Волі» Ала Грэчка.

Не адбыўся 10 чэрвеня і суд у дачыненні Віталя Смоліча за такую ж правіну. У мужчыны станоўчы тэст на каранавірус. Апроч таго, ён мае праблемы з сэрцам. Але і падчас лекавання Смоліча ў бальніцы, яму дасылалі з суда Цэнтральнага раёна SMS паведамленні з патрабаваннем з’явіцца ў суд для разгляду адміністрацыйнай справы. Віталь цяпер далечваецца дома, але нікуды не ходзіць праз патрабаванне самаізаляцыі.

За акцыю салідарнасці з Ціханоўскім суд на падставе міліцэйскіх пратаколаў пакараў ужо адміністрацыйнымі арыштамі шасцёх удзельнікаў – Юрыя Уласава, Віталя Грыцкова, Дзмітрыя Лукомскага, Сяргея Маслава, Івана Рамязоўскага і Аляксея Думянкова. Яшчэ каля дзесятка чалавек атрымалі штрафы – агулам 1998 рублёў.