Кафе "The Box 99". Фота аўтара

Гомельскі абласны суд 10 чэрвеня пачаў разгляд крымінальнай справы па першай інстанцыі ў дачыненні палкоўніка КДБ, начальніка аддзела УКДБ па Мінску і Мінскай вобласці Андрэя Мільчанкі.

Яго абвінавачваюць у наўмысным нанясенні дырэктару гомельскага кафе “The Box 99” цяжкіх цялесных пашкоджанняў з хуліганцкіх памкненняў – паводле арыкула 147, часткі 2, пункта 7 Крымінальнага кодэкса. Пра гэта журналісту “Наводнай Волі” паведаміла памочніца старшыні суда Наталля Яркіна.

Інцыдэнт у кафе “The Box” здарыўся ўвечары 8 студзеня. Гэта літаральна паўсотні крокаў ад УКДБ па Гомельскай вобласці, дзе раней служыў Андрэй Мільчанка.

Наколькі вядома, апошні разам з саслужыўцам зайшоў ў кафэ і, будучы нападпітку, стаў чапляцца да дзяўчат. Дырэктар кафэ заступіўся за іх. Мужчыны вывелі дырэктара на вуліцу і пабілі. Відэа з камеры назірання было змешчана ў сацыяльных сетках. Палкоўнік Мільчанка, як сцвярджаецца, сам прыйшоў у міліцыю з павіннай. У справе ён адзін абвінавачаны, саслужывец – сведка.

Суд праходзіць у закрытым рэжыме.

На падставе прад’яўленага следствам абвінаваўчага артыкула Андрэю Мільчанку пагражае ад 5 да 10 гадоў зняволення. Відавочна, кафе “The Box 99”, назва якога з англійскай мовы перакладаецца як “Скрынка 99”, на бліжэйшыя гады цалкам зменіць жыццё палкоўніка.

Поделиться ссылкой: