Евгений Назаревич. Фото https://newgrodno.by

Майстар спорту міжнароднага класа, шматразовы чэмпіён і прызёр Беларусі, Еўропы і свету, кубкаў і фестываляў па гіравым спорце Яўгеній Назарэвіч распавёў «Народнай Волі», колькі тон можа падняць за гадзіну, якія рэкорды на яго рахунку, што ён ад гэтага мае, як трэніруецца ў перыяд пандэміі, і проста пра жыццё. Дарэчы, імя гэтага спартсмена шэсць разоў было занесена ў Кнігу сусветных рэкордаў Гінеса як пераможцы гіравога марафону.

У вялікім спорце аказаўся выпадкова

Ніколі раней не сутыкаўся з тым, каб дзеючы спартсмен са шматлікімі міжнароднымі тытуламі і ўзнагародамі працаваў звычайным электрагазазваршчыкам. Аказваецца, гіравы спорт хоць і ўключаны ў адзіную спартыўную класіфікацыю Рэспублікі Беларусь, але лічыцца аматарскім. Гэта неалімпійскі від спорту, хаця
праводзяцца чэмпіянаты Еўропы і свету. На апошнім сусветным спаборніцтве былі прадстаўлены ўдзельнікі з 36 краін.

«Прафесійны спорт – гэта калі людзі зарабляюць ім грошы, а гіравікам не плацяць за перамогі, – распавядае Яўгеній. – Мы ўсюды, нават на міжнародныя спаборніцтвы, ездзім за свае грошы альбо сродкі фундатараў. І такая сітуацыя ў гіравым спорце не толькі ў нашай краіне, а і ва ўсім свеце».

Назарэвіч вельмі ўдзячны прадпрыемству «Гроднапрамбуд», на якім працуе: менавіта яно выступае асноўным спонсарам паездак на рэспубліканскія і міжнародныя спаборніцтвы. У працоўнай дамове Яўгенія нават ёсць асобны пункт, паводле якога прадпрыемства ўзяло на сябе гэтыя абавязацельствы.

Менавіта з «Гроднапрамбуда» малады чалавек і патрапіў у вялікі спорт. У 2008 годзе ў прафкаме папрасілі паўдзельнічаць у абласной спартакіядзе замест аднаго са спартсменаў, які атрымаў траўму. І першы блін не выйшаў комам. Праўда, Яўгеній згадвае, што ўдзельнічаў нават пад чужым прозвішчам, паколькі на пачатак спаборніцтваў не паспелі ўнесці змены ў спісы. На той момант яму было 27 гадоў.

За рэкорд у Кнізе Гінеса не плацяць

З асаблівай гордасцю Назарэвіч распавядае пра рэкорды ў гіравых марафонах, занесеныя ў Кнігу Гінеса. З шасці адзін не пабіты да гэтага часу: за адну гадзіну ён падняў 24-кілаграмовую гіру 1400 разоў!

«Недзе на 40-й хвіліне давялося адключыць свядомасць, каб пераадолець боль, – кажа Яўгеній. – Рукі сцёрты да крыві, але ты працягваеш. Рэкорды лёгкімі не бываюць».

1400 пад’ёмаў па 24 кілаграмы – гэта 37,156 тоны. Або, каб лепш уявіць, палова вагона цукру.

«Можаце не сумнявацца, – з усмешкай заўважае Яўгеній. – Я чатыры гады адпрацаваў грузчыкам на цукровым камбінаце, і там даводзілася за змену 1276 мяшкоў загружаць».

Дарэчы, за дасягненні, унесеныя ў Кнігу рэкордаў Гінеса, спартсмены не атрымліваюць ні капейкі. Лічыцца, што сам факт наяўнасці імя ў гэтым сусветным рэестры з’яўляецца ўзнагародай.

За гэтыя рэкорды Назарэвіч вельмі ўдзячны Анатолю Мікалаевічу Яжову, які дапамагаў яму ў падрыхтоўцы. Ён родам з Віцебска, але жыве ў Архангельску.

У адказ на пытанне: «Навошта вы гэта робіце?», Яўгеній усміхаецца. Але, калі сур’ёзна, праца насамрэч каласальная. Трэніроўкі адбываюцца 3–4 разы ў тыдзень, кожная 2,5–3 гадзіны. Прычым не зважаючы на каранавірус.

Калі пачынаў займацца спортам, узгадвае Назарэвіч, хацелася рэалізаваць юначыя амбіцыі – аказваецца, у шматразовага чэмпіёна свету ў школе была тройка па фізкультуры.

«Але цяпер, кажу без пафаса, мне прыемна на еўрапейскім і сусветным узроўнях прадстаўляць краіну, дзе я нарадзіўся, вырас, дзе жывуць мае блізкія людзі, – падкрэслівае мой суразмоўца. – Калі ты ўзнімаешся на вышэйшую прыступку п’едэстала, адчуваеш гонар за свой народ і за сваю краіну».

За перамогу на міжнародных спаборніцтвах гіравікі атрымліваюць медалі і дыпломы.

«За ўстанаўленне сусветнага рэкорду Федэрацыя гіравога спорту пачала плаціць каля 300 еўра, – кажа Яўгеній. – Гэта сродкі невялікія, але дарожныя выдаткі пакрыць можна».

А яшчэ, дадае Яўгеній, дзякуючы ўдзелу ў спаборніцтвах ён аб’ехаў шмат краін свету, ад чаго таксама атрымаў вялікае задавальненне.

Кубак свету зладзілі анлайн

Сёлета чэмпіянат свету па гіравым спорце планавалася правесці ў Іспаніі, але пандэмія парушыла ўсе планы. Праўда, кажа Назарэвіч, сусветная федэрацыя не разгубілася і вырашыла правесці Кубак свету ў анлайн-фармаце.

«Усё ж спартсмены, якія рыхтуюцца да спаборніцтваў такога ўзроўню, трацяць каласальную колькасць энергіі, – падкрэслівае Яўгеній. – А таму наладзілі шляхам відэатрансляцыі ўзважванне спартсменаў, узважванне гіры. Абавязковая ўмова – каб усё гэта пастаянна трымалася ў полі зроку відэакамеры. А потым відэафайл без мантажу дасылаецца ў Федэрацыю гіравога спорту».

Такім самым чынам Яўгеній узяў удзел і ў трох дысцыплінах Кубка свету. Ён заваяваў два залатыя і адзін сярэбраны медалі. У дысцыпліне «штуршок гір па доўгім цыкле» дзве гіры па 32 кілаграмы за 10 хвілін падняў 85 разоў, а ў практыкаванні «рывок» 32 кілаграмовы снарад узняў 95 разоў левай і 90 правай рукой. А ў «штуршку класічным» за 10 хвілін зрабіў 130 штуршкоў дзвюма такімі ж гірамі.

Яўгеній Назарэвіч нарадзіўся ў горадзе Шчучыне Гродзенскай вобласці. Скончыў там школу, ПТВ, а затым пераехаў у Гродна. У яго ёсць і вышэйшая адукацыя – мае дыплом Маскоўскага дзяржаўнага адкрытага ўніверсітэта па спецыяльнасці «менеджмент». Але надалей працягвае працаваць электрагазазваршчыкам, бо гэту работу можа сумясціць з заняткамі гіравым спортам. Сёння ў скарбонцы Яўгенія больш за 100 медалёў рознай вартасці, і гэта, на яго думку, яшчэ не мяжа.

***
Газета “Народная Воля” № 43 (4501)

Поделиться ссылкой: