Сяргей Ціханоўскі падчас перадвыбарчага пікету па зборы подпісаў у Гомлі, 28 траўня 2020 году

Улады дзейнічаюць паводле прынцыпу: ня трэба, каб нас паважалі, галоўнае — каб баяліся.

Сяргею Ціханоўскаму выставілі абвінавачаньні, да дня галасаваньня ён будзе заставацца за кратамі. Нічога нечаканага. Наўрад ці хто спадзяваўся на яго вызваленьне. Не для таго яго арыштоўвалі з такім скандалам у Горадні, піша палітычны аглядальнік Валерый Карбалевіч у сваім блогу на “Радыё Свабода”.

Лукашэнка асабліва не хавае, што арыентуецца на сілавы сцэнар утрыманьня ўлады. Мінулым тыднем ён прыняў старшыню КДБ Валерыя Вакульчыка. Потым той расказаў, як ягонае ведамства зьбірала інфармацыю пра 81-гадовую пэнсіянэрку, якая крытыкавала кіраўніка дзяржавы. Вось што разумеюць у Беларусі пад дзяржаўнай бясьпекай. 9 чэрвеня адбылася новая нарада Лукашэнкі з усімі сілавікамі. Абмяркоўвалі тое ж самае пытаньне.

У гісторыі зь перасьледам Ціханоўскага ўлады дзейнічаюць няўклюдна, нязграбна, ня надта клапоцячыся пра тое, як гэта выглядае збоку, як на гэта прарэагуе грамадзтва.

Затрымалі яго паводле аднаго артыкула (арт. 364 — гвалт у дачыненьні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў). Абвінавачаньне выставілі па іншым артыкуле (ч.1 арт. 342 — арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). Не выключаю, што на судзе абвінавачваць будуць па нейкім трэцім артыкуле. Гэта клясыка жанру беларускіх палітычных рэпрэсій. Так было, напрыклад, падчас крымінальнага перасьледу Міхаіла Марыніча. Спачатку чалавека арыштоўваюць, потым думаюць, у чым абвінаваціць.

Саромеюся спытаць: а як да гэтага абвінавачаньня прышпіліць 900 тысяч даляраў, якія нібыта знойдзены ў хаце Ціханоўскага? Увогуле, які юрыдычны сэнс меў гэты ператрус па справе гвалту адносна міліцыянта? Якія доказы можна было знайсьці ў хаце дзеля пацьвярджэньня гэтага абвінавачаньня?

Стаўку на сілавы сцэнар улады робяць адкрыта, дэманстратыўна, нават груба. Іх ня вельмі бянтэжыць, што большасьць карыстальнікаў сацыяльных сетак ацанілі інцыдэнт у Горадні з затрыманьнем Ціханоўскага як правакацыю. Яны дзейнічаюць паводле прынцыпу: ня трэба, каб паважалі, галоўнае, каб баяліся.

Цалкам дапускаю, што пасьля выбараў яго выпусьцяць з-за кратаў, справу спусьцяць на тармазах, як у гісторыі зь «Белым легіёнам». Палітзьняволеныя цяпер рэжыму не патрэбныя.

Але, ізалюючы Ціханоўскага, існы рэжым імкнецца нэўтралізаваць ці зьмінімізаваць пагрозу вулічных пратэстаў. Лёгіка ўладаў зразумелая. Прыхільнікі Ціханоўскага — людзі непалітызаваныя. Застаўшыся бязь лідэра, яны могуць разгубіцца, узровень іх самаарганізацыі невялікі.

Ня вельмі зразумела, ці пойдуць гэтыя людзі ўвогуле галасаваць за іншых кандыдатаў. Бо сам Ціханоўскі даволі няўцямна выказваўся наконт таго, што рабіць 9 жніўня. Можна меркаваць, што большасьць ягоных прыхільнікаў прыйдуць на выбарчыя ўчасткі падтрымаць іншых альтэрнатыўных кандыдатаў.

Галоўная рухальная сіла ўсіх пратэстаў апошніх трох дзесяцігодзьдзяў — гэта дэмакратычны электарат. Але, калі вынесьці за дужкі арганізацыю «Гавары праўду», падчас цяперашняй выбарчай кампаніі традыцыйная апазыцыя апынулася на маргінэсе. У яе практычна няма сваіх кандыдатаў. Упершыню за ўсю гісторыю апазыцыйныя партыі ня ўдзельнічаюць у выбарчай кампаніі як суб’екты. Ці выйдзе гэтая частка электарату на Плошчу дзеля падтрымкі малазразумелых для яе кандыдатаў, кшталту Бабарыкі, Цапкалы ці Сьвятланы Ціханоўскай? Вялікае пытаньне.

Нельга выключаць і такі сцэнар фіналу выбарчай кампаніі. ЦВК не рэгіструе Бабарыку і Цапкалу, але рэгіструе Сьвятлану Ціханоўскую. Лукашэнка супраць хатняй гаспадыні. Для яго — даволі зручны варыянт.

Поделиться ссылкой: