Пікет па збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую ў Гомелі. Фота аўтара.

Беларускія ўлады распачалі другі круг пераследу прыхільнікаў онлайн-супольнасці “Краіна для жыцця”, якія сёлета выяўляюць найбольшую вулічную актыўнасць у зборы подпісаў за вылучэнне на прэзіэнцкіх выбарах альтэрнатыўнага кандыдата.

Відавочна, што гэты другі круг пераследу распачаты з затрымання ў Гродна стваральніка Youtube-канала “Краіна для жыцця” (“Страна для жизни”) Сяргея Ціханоўскага. Відэа зафіксавала на Савецкай плошчы яўную правакатарку, як называлі яе сведкі. Карастальнікі інтэрнэта нават ідэнтыфікавалі жанчыну. Гэта Алена К., яна прыехала з Мінска і проста вылузвалася са скуры, каб стварыць хоць які інцыдэнт, абы толькі даць нагоду міліцыі ўмяшацца. Кідалася на Сяргея, тузала яго за вопратку і раз-пораз пыталася, чаму яго жонка Святлана не прыехала ў Гродна. Ціханоўскі ёй два разы адказваў так, як лічыў патрэбным. І ўсё ж, калі падышлі двое міліцыянтаў, правакатарка, нібы ў вадасцёчную трубу, барабаніла: “Я задала пытанне чалавеку, а ён ад мяне ўцякае. Я хачу атрымаць адказ на маё пытанне”.

Міліцыянты схапілі Ціханоўскага за руку. Мінакі сталі бараніць яго. Узнікла дзесяцісекундная штурханіна, у выніку якой на асфальце апынуўся старшы лейтэнант міліцыі Уладзімір Казлоўскі, вядомы ў горадзе сваім удзелам у палітычных справах. “Карціна алеем”, як любіў паўтараць адзін кінагерой у вядомым шматсерыйным фільме
“Ліквідацыя”.

Гэтай “карцінкі” аказалася дастаткова, каб АМАП затрымаў не толькі Сяргея Ціханоўскага, але і шэраг яго паплечнікаў. І не толькі затрымаць, але і распачаць крымінальную справу на падставе артыкула 364 КК – гвалт у дачыненні супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. А гэта ўжо арышт ад трох да шасці месяцаў альбо нават пазбаўленне волі да 6 гадоў.

Выбарчае права і “перакрыты кісларод”

Сёлета Сяргей меўся сам дамагацца вылучэння кандыдатам у прэзідэнты, але ўлады яшчэ на першым крузе “перакрылі яму кісларод” – затрымалі ў Магілёве, адвезлі ў Гомель і пасадзілі за краты адбываць другі 15-суткавы арышт, які тры месяцы “вісеў” на ім за ўдзел у Мінску ў снежаньскай акцыі пратэсту супраць паглыблення інтэграцыі з Расіяй. І пакуль той “парыўся на нарах”, Цэнтрвыбаркам абвясціў рэгістрацыю ініцыятыўных груп па збору подпісаў за вылучэнне прэтэндэнтаў кандыдатамі. Жонка Ціханоўскага Святлана, маючы адмысловую даверанасць мужа, што называецца на ўсё выпадкі жыцця, аднесла заяву ў ЦВК. Але там яе адхілілі. Лідзія Ярмошына нават пракаментавала: заява не падпісана самім Ціханоўскім, “выбарчае права ў нас не перадаецца”.

І праляцеў бы Сяргей з выбарчай кампаніяй, як фанера над Парыжам. Але тут нечакана сама Святлана выкінула фортэль: падала на рэгістрацыю ініцыятыўную групу ад свайго імя. Сама стала прэтэндаваць на прэзідэнцкае крэсла, а Сяргей у гэтым жаночым памкненні – кіраўнік яе ініцыятыўнай групы па збору подпісаў.

Попыт на перамены

Каманду Ціханоўскай зарэгістравалі, і збор подпісаў па краіне пакаціўся шырокай хваляй.

Чэргі ў сотні чалавек шыхтаваліся падчас збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую ў Мінску, Магілёве, Мазыры, Слуцку, Баранавічах, Гродна ды іншых гарадах. Нягледзячы на пандэмію каранавіруса, беларусы быццам прачнуліся, патрабуючы перамен, абнаўлення ўлады.

Сімвалам кампаніі па збору подпісаў за альтэрнатыўнага кандыдата стаў не бел-чырвона-бела сцяг, а хатні тапак. Звычайны шлёпанец без задніка, якім, бывае, прыгашчаюць і мух, і тараканаў ды ўсякіх іншых кузурак, якія забіраюцца ў чалавечае жытло.

І няхай камусьці вялізарныя чэргі саманадзейна падаюцца “каруселямі”, штучна стварыць іх немагчыма. Гэта было бачна і ў Гомелі – 28, 31 мая, 7 чэрвеня. Куды ні прыйдуць зборшчыкі подпісаў за Ціханоўскую – на пляцоўку да цырка, да ўнівермага, усюды вырастаюць чэргі. Падпісваюцца за вылучэнне Святланы Ціханоўскай кандыдатам на прэзідэнта, але, па сутнасці, выбарцы маюць на ўвазе яе мужа, Сяргея Ціханоўскага. У пэўным сэнсе ён натхніў людзей змагацца за перамены, за канстытуцыйную змену ўлады.

Цікаўлюся ў мінакоў, што стаяць у чарзе ўжо больш за гадзіну, чаму менавіта за вылучэнне Ціханоўскай яны хочуць паставіць свой подпіс?

– Сяргей у яе хоць штосьці робіць, каб перамены адбыліся, каб улада ў Беларусі змянілася, – тлумачыць сваё стаянне ў чарзе гамяльчук Сяргей Зарэцкі. – Надакучыла мана, хочацца праўды. Вунь чыноўнікі паўсюдна набудавалі даражэнных катэджаў. Ага, яны там крэдыты бралі… А чаму звычайны рабочы ці спецыяліст не можа за сваё жыццё пабудаваць сабе такі катэдж?

Пярэчу суразмоўцу, што незалежная прэса, апазіцыйныя палітыкі не раз пра гэта пісалі, распавядалі. Не чулі?

– Апазіцыю я не бачыў, а Ціханоўскага – бачу, – стаіць на сваім Зарэцкі.

Мужчына сярэдніх гадоў, якія назваўся Сяргеем Каханоўскім, цвердзіць, што сітуацыя ў краіне з кожным годам толькі пагаршаецца.

– Заробкі нізкія, начальства ні ў што не ставіць звычайнага чалавека. Суды, штрафы на кожным кроку. У мяне жонка 300 рублёў чыстымі атрымлівае на “Гомельдрэве”, а ў нас двое дзяцей. Як жыць? Сам я ў Польшчу езджу, каб штосьці зарабіць. Лукашэнка 26 гадоў пры ўладзе – хопіць ужо, – тлумачыць Сяргей.

Яшчэ адзін гамельчук з чаргі не хавае задавальнення: столькі аднадумцаў выйшла! Заяўляе, што такога не бачыў у горадзе з 2001 года. Але не пра тагачасныя выбары гаворка. Тады ўжо, на яго думку, не было справядлівых выбараў. У той год было апошняе свабоднае свята – Дзень горада. Без загародак, без міліцэйскіх кардонаў. Закон павінен быць адзін для ўсіх! А ў нас адзін закон – для рабацяг, другі – для мянтоў, трэці – для чыноўнікаў. Ну і над законам стаіць шклоўскі правадыр. Я пабачыў свет. Хачу, каб Беларусь стала еўрапейскай краінай, як, напрыклад, Чэхія, Польшча, Літва, Латвія. Хачу, каб нашы дзеці не ўцякалі туды, а будавалі сваю дзяржаву і спакойна перамяшчаліся ў любой еўрапейскай краіне. Таму тут і стаю, – кажа Алег Гладкоўскі.

Пра джэнтэльменства, дзяржаўны патрыятызм і ўплыў гібрыднай прапаганды

Падчас першага пікету збору подпісаў у Гомелі Сяргей Ціханоўскі быў яшчэ на волі. Вітаўся са знаёмымі, фатаграфаваўся з усімі, хто таго хацеў. У Гомелі ён вырас, скончыў філфак універсітэта імя Францішка Скарыны па напрамку рускай філалогіі.

– Адзінаццаць моваў мы вучылі, у тым ліку і беларускую. Аднак размоўнай практыкі па-беларуску ў мяне няма. Затое я добры арганізатар, у тым ліку канцэртна гастрольнай дзейнасці. Не перабольшваю, фестывалі, свята горада, вялікія канцэрты магу арганізаваць найлепшым чынам, – казаў мне Сяргей Ціханоўскі.

У свой час Ціханоўскі стварыў у Гомелі начны клуб “Адрэналін”, займаўся падобным праектам у Мазыры, дзе і пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Святланай, выпускніцай лінгвістычнага ўніверсітэта.

Пытаюся ў Ціханоўскага, калі нечакана яго жонка на выбарах пераможа і стане прэзідэнтам, то якую пасаду зойме ён, Сяргей.

– Пасаду джэнтэльмена, – жартам адказваў Ціханоўскі.

Яшчэ да з’яўлення ў сацыяльных сетках Сяргей больш за дзесяцігоддзе здымаў рэкламу, меў сваю студыю па вытворчасці відэакантэнту “Компас”. Студыя працавала як у Беларусі, так і ў Расіі і ва Украіне. Прынамсі, тэлефоны офісаў значыліся у абвестках. Блогер згадваў рэкламу беларускага тураператара “Тэз-Тур” з рэперам Сярогай, якую рабіў “Компас”. Распавядаў, што быў прадзюсарам здымкаў кліпаў Максіму Мірнаму, расійскаму поп-гурту “Прапаганда”, шэрагу спартовых клубаў.

У сакавіку 2019 Ціханоўскі завёў свой відэаблог, здымаў беларускіх апазіцыйных палітыкаў, а пасля стаў забірацца ў аддаленыя райцэнтры і нават вёскі і прадастаўляць жывы эфір звычайным людзям. Сяргей не вучыў і не вучыць беларусаў як жыць, а слухае, што яны кажуць, што іх хвалюе, якія прэтэнзіі маюць да мясцовага чыноўнікаў і вышэйшай улады. І вынікала з тых відэастрымаў, што ў цэнтры “Краіны для жыцця” не чалавек з яго надзённымі праблемамі, а сістэма, якая працуе на аднаго чалавека, імя якога ўсім добра вядомае.

Знятыя відэаролікі набіралі па некалькі дзясяткаў тысяч праглядаў, а самыя папулярныя – па 100 тысяч і болей.

Расла і колькасць падпісчыкаў – цяпер іх ужо больш за 200 тысяч. Нават строгі ў ацэнках старшыня КХП-БНФ Зянон Пазняк у інтэрв’ю Радыё “Свабода” заўважыў, што хоць Ціханоўскі “знаходзіцца пад уплывам расійскай гібрыднай прапаганды”, “вырас і сфармаваўся ў дэнацыяналізаваным грамадстве, але беларускі дзяржаўны патрыятызм у яго ёсць”. І працягваў: “Праца, якую робіць Ціханоўскі, палітычна карысная…”

Загадкавыя 900 тысяч долараў

Наўпрост запытаўся у Сяргея, дзе ён сродкі бярэ на свае паездкі, збор подпісаў? Бачна ж, на кожнай сустрэчы поўны аншлаг.

– Людзі дапамагаюць. На гэта патрабны не такія ўжо і вялікія грошы, – адказваў Ціханоўскі.

– Вы ж збіраліся вылучацца кандыдатам у прэзідэнты – што б напісалі ў дэкларацыі пра даходы за 2019 год?

– Напісаў бы 60 тысяч долараў. Летась я ўжо мала займаўся прадпрымальніцкай дзейнасцю, – тлумачыў відэаблогер.

Нагадаю, размова ў нас адбывалася 28 мая, а ўжо ў ноч з 3 на 4 чэрвеня, калі Сяргей знаходзіўся пад вартаю, на лецішчы маці Ціханоўскага пад Гомелем пасля працяглага ператрусу сілавікі знайшлі 900 тысяч долараў ЗША.

Паказалі нават у тэлеграм-канале МУС відэа з акуратнымі пачкамі банкнотаў. Чуваць голас следчага: “Скажыце, дык гэта вашы грошы?” Маці Ціханоўскага адказвае: “Мае”. “А дзе вы іх ўзялі? Зарабілі?” – цікавіцца следчы. “Зарабіла”, – чуецца той жа жаночы голас.

Праз суткі ўдалося звязацца праз тэлефон з 71-гадовай Софьяй Ціханоўскай:

“Я ўжо не ведаю , што казаць пра вобыск, я ў шокавым стане. Машын столькі наехала. Міліцыя, следчыя. Там такі натоўп быў, што скажаш што хочаш. Я дагэтуль толкам не адыйшла ад шоку, ад гэтага вобыску. Яны ж не давалі мне спаць. Лічы, усю ноч не спалі. Прыгаломшаны стан, не ўсё разумела. Стаялі, лічылі грошы. Я і зараз не ўспрымаю тую суму, якую яны называлі і паказвалі. Я нават у страшным сне не бачыла такіх грошай. Як можна людзям усунуць столькі грошай у дом? І што гэта наагул такое? Брыдотнікі!”

“Краіну для жыцця” разбураюць

Характэрна, што пасля затрымання Сяргея Ціханоўскага з паплечнікамі ў Гродна, пад пераслед сілавікоў патрапілі прыхільнікі “Краіны для жыцця” і ў іншых гарадах.

5 чэрвеня ў вёсцы Прудок Мазырскага раёна сілавікі зрабілі ператрус у гаспадарцы мясцовага фермера Аляксандра Вянгуры, які даваў каментарыі блогеру Сяргею Ціханоўскаму для Youtube-канала. Аляксандр распавядаў, што заняўся фермерствам і сутыкнуўся з бюракратызмам і невыноснай чыноўніцкай валакітай. Фермера і траслі сілавікі як прыхільніка Ціханоўскага. Перавярнулі ўсё ў хаце дагары нагамі.

“Прыехалі ў гадзіну ночы – джыпы, машыны з брэсцкімі нумарамі, ДАІ. Сталі пытацца пра хлопца Дзіму, які нібыта ў мяне хаваецца. Дурдом ды і толькі!” – абураўся Вянгура ў гутарцы з журналістам “Народнай Волі”.

Праз суткі Вянгура паехаў у РАУС забіраць кампутар і адтуль не выйшаў. Жонка суткі шукала Аляксандра. Высветлілася, што ён апынуўся за кратамі на 15 сутак нібыта за непадпарадкаванне міліцыі.

У той жа дзень таемна прайшлі суды над адміністратарам суполкі “Мазыр для жыцця” Аляксандрам Цуканавым і мясцовым актывістам Дзянісам Коласам. Іх таксама адправілі ў ізалятар на 15 сутак. За што – невядома. Паказальна, што Цуканаў толькі 2 чэрвеня вызваліўся з ізалятара, дзе адбыў 25 сутак адміністрацыйнага арышту.

У Гомелі пасля 30 сутак адсідкі дадому не вярнуўся паплечнік Ціханоўскага Юрый Уласаў. Яго першапачаткова асудзілі на 15 сутак за несанкцыянаваны пікет на плошчы Леніна ў падтрымку відэаблогера, а пасля “накінулі” яшчэ пятнаццаць за іншую падобную правіну. 6 чэрвеня ўвечары Юрый мусіў вярнуцца з ІЧУ да сям’і, але гэтага не адбылося. Па звестках праваабарончага цэнтра “Вясна”, жонка Уласава паведаміла ў міліцыю пра знікненне мужа і нават напісала адпаведную заяву. Праз некаторы час ёй патэлефанавалі з міліцыі і паведамілі, што Юрый зноў змешчаны да суду ў ізалятар на 72 гадзіны у межах новай адміністрацыйнай справы.

Зусім дзікая гісторыя адбылася ў тым жа Гомелі 7 чэрвеня. Пад домам Аляксея Дамянкова некалькі гадзін запар дзяжурыла машына з міліцыянтамі. Яго пільнавалі. І калі Аляксей выйшаў з пад’езда, каб ехаць на пікет па збору подпісаў за Ціханоўскую, супрацоўнікі міліцыі ў цывільным схапілі яго, паставілі на калені і звязалі рукі за спіною папругай. Гэта зняў на відэа и перадаў на сайт “Вясны” Павел Дамянкоў, брат Аляксея.

Затрыманы таксама ў мінулую нядзелю і сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай Аляксандр Шабалін. Яму ўручылі позву і адвезлі ў Навабеліцкі РАУС – ён нібыта з’яўляецца сведкам па справе аб крадзяжы. Там папярэдзілі актывіста, што ў аддзеле міліцыі ёсць некалькі спраў, на падставе якіх Шабаліна можна затрымаць ў якасці сведкі.

Вядома таксама, што 7 чэрвеня і Мінску затрымлівалі прыхільнікаў “Краіны для жыцця”. У іх лік патрапіў і сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай Алег Баброўскі. Яго спынілі на аўтамашыне супрацоўнікі ДАІ. Забралі ўсе падпісныя лісты, сталы і нават палатку. Апроч таго, у Алега забралі каля паўтары тысячы сабраных подпісаў. Самога актывіста даставілі ў РУУС Савецкага раёна Мінска, а яго асабісты аўтамабіль перагналі на штрафную стаянку.

Усё гэта сведчыць пра маштабнае здушэнне ўсяго пратэстнага руху за перамены, які нечаканым чынам згуртаваўся вакол ініцыятывы відэаблогера “Краіна для жыцця”.

Поделиться ссылкой: