Ігар Чакалаў-Шыдлоўскі. Фота https://rh.by

Сённяшняя гутарка – са старшынёй Мінскага сходу нашчадкаў шляхты і дваранства Ігарам Чакалавым-Шыдлоўскім.

– Ігар Уладзіміравіч, у наш час чалавек, што належаў да шляхты, уяўляецца ў масавай свядомасці не зусім звычайным. Большасць скажа: ну, тыя людзі ездзілі ў карэтах, выкшталцона апраналіся, умелі размаўляць на замежных мовах, вучыліся ў Еўропе, слухалі і самі выконвалі творы Моцарта… А як насамрэч?

– У мінулым галоўным адрозненнем шляхціца была шабля. Шляхта – гэта перадусім вайсковае саслоўе, “людзі ў пагонах” свайго часу, якія стварылі нашу гістарычную дзяржаву Вялікае Княства Літоўскае цаной сваёй крыві. Не было б шляхты – і краіны не стала б, бо на нашы землі хапала ахвочых і з усходу, і з захаду, і з поўначы, і з поўдня. Галоўным прызначэннем шляхты было абараняць родную зямлю. Але сярод гэтага саслоўя былі як магнаты, так і зусім не заможныя людзі, якія працавалі на зямлі гэтаксама, як і сяляне. Іншая справа, што сваім паходжаннем ганарыліся: бедны шляхціц заўжды вазіў з сабой імянную зброю, якая падкрэслівала яго прыналежнасць да эліты. Шляхта нават апраналася па-свойму, не так, як іншыя групы насельніцтва. Модная зараз «вышыванка», напрыклад, таксама частка беларускага гістарычнага касцюма, але яна характэрная для сялянскай культуры. Шляхецкая частка гістарычнай моды ў нас не адраджаецца. Нам чамусьці ўнушалі, што ў Беларусі яе і не было ніколі, аднак гэта не так.

– У чым праяўлялася элітарнасць шляхты?

– Нягледзячы на розны ўзровень дабрабыту, усіх гэтых людзей аб’ядноўвала імкненне да культуры. Нават тыя, хто сам апрацоўваў зямлю, імкнуліся даць сваім дзецям адукацыю, прышчапіць ім добрыя манеры, выхаваць пачуццё абавязку. Эліта стваралася стагоддзямі дзякуючы спадчыннасці і выхаванню. Канечне, геній можа нарадзіцца ў любым сацыяльным асяроддзі. Але каб заўважыць ягоныя таленты, вывучыць і выхаваць – для гэтага патрэбны вышэйшы элітарны слой, які валодае пэўнымі магчымасцямі. Невыпадкова сярод шляхты і дваран было развіта мецэнацтва. Ахвяраваліся сродкі не толькі на дапамогу бальніцам, але і на мэты асветы. Дзецям беднай шляхты дапамагалі атрымаць адукацыю, для гэтага нават існаваў адмысловы фонд. А некаторыя дваране адкрывалі школы, рамесныя вучылішчы і для сялянскіх дзяцей. Гэта былі людзі абавязку, якія цікавіліся грамадскім жыццём і актыўна бралі ў ім удзел.

– Шляхта і дваране – сінонімы?

– Не, шляхта – больш шырокае паняцце, і яна мінімум на 300 гадоў больш старажытная за дваранства ў расійскім разуменні. Беларуская традыцыя больш блізкая да еўрапейскага рыцарства. Не ўся шляхта атрымала дваранскія граматы пасля далучэння ВКЛ да Расійскай імперыі. Тым не менш ва ўсіх славянскіх народаў маюцца падобныя рысы ў фарміраванні эліт, агульныя прынцыпы…

Поўны тэкст гутаркі Таццяны Ждановіч з Ігарам Чакалавым-Шыдлоўскім чытайце ў газеце «Народная Воля» за 9 чэрвеня

Поделиться ссылкой: