Фота: Новы Час

У розных гарадах Беларусі ў панядзелак 8 чэрвеня будуць праходзіць суды над затрыманымі ў пятніцу і на выходных.

Нагадаем, што ў апошнія тры дні па краіне было затрымана каля 40 чалавек, частку з іх пакінулі ў ізалятарах часовага ўтрымання да судоў. Гэта актывісты «Народнай грамады», «Еўрапейскай Беларусі», валанцёры ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай і іншыя людзі.

Мінск

У Мінску мусяць адбыцца суды над затрыманымі падчас і пасля нядзельнай акцыі ля Камароўскага рынку, а таксама над затрыманымі ў пятніцу прэвентыўна.

Вядома, што разгляд спраў палітыка Паўла Севярынца і сябра ініцыятыўнай групы Вольгі Кавальковай Валянціна Фралова пройдзе ў судзе Фрунзенскага раёна. Валянцін быў затрыманы перад пачаткам акцыі, а Павел — пасля, ужо каля дома. Але затым суд для Валянціна Фралова перанеслі ў Савецкі. Ён атрымаў 15 сутак арышту.

Павел Севярынец таксама атрымаў 15 сутак арышту.

Затрыманую пасля акцыі на Камароўцы Вольгу Нікалайчык ў судзе Першамайскага раёна асудзілі на 15 сутак.

У судзе Савецкага раёна Мінска Алегу Баброўскаму, сябру ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай, далі 20 сутак арышту і штраф.

Затрыманы ў пятніцу сябра «Народнай грамады» Рыгор Пагарцаў атрымаў 15 сутак арышту. Яго судзілі ў судзе Цэнтральнага раёна.

Усяслава Пашкевіча прывезлі ў суд Першамайскага раёна. Там яму далі штраф у 30 базавых велічынь (810 рублёў).

Затрыманых каля ГЦ «Сілуэт» Дзмітрыя Ражкова, Аляксея Вісцяжа, Іллю Латужку і Віталя Карніенку будуць судзіць праз Skype пасля 14.00 (суд Першамайскага раёна). Дзмітрый Ражкоў атрымаў 30 базавых велічынь. Віталь Карніенка — 25 базавых велічынь (675 рублёў).

Актывістку «Народнай грамады» Вераніку Мішчанка прывезлі ў суд Маскоўскага раёна. Яе судзіць Таццяна Мотыль. На плячах у Веранікі гематомы пасля затрымання.

Адміністрацыйныя суды над затрыманымі праходзяць у некалькіх гарадах Беларусі
Фота http://spring96.org

Віцебск

У Віцебску мусяць адбыцца суды над затрыманымі ў пятніцу Аленай Янушкоўскай, Алегам Паўлавым, Аляксандрам Якушковым. Таксама, верагодна, будуць судзіць Аляксандра Мацяюка — валанцёра ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў за Святлану Ціханоўскую, які быў затрыманы 6 чэрвеня ўвечары.

Алена Янушкоўская атрымала 40 базавых велічынь штрафу (1080 рублёў). Алег Паўлаў5 сутак арышту.

Гродна

Да вызваленага ў пятніцу з СІЗА Сяргея Калмыкова сёння раніцай прыехалі супрацоўнікі міліцыі і забралі у Ленінскі РАУС Гродна. Сказалі, што ён мусіць азнаёміцца з матэрыяламі адміністрацыйнай справы. Потым яго адвязуць у суд. Па крымінальнай справе, са словаў блізкіх Сяргея, ён праходзіць як сведка.