Аляксей Дудараў. Фота Івана ЖДАНОВІЧА. http://www.zviazda.by

Кавалер ордэна “Знак Пашаны”, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, прэміі ЛКСМБ, прэміі Саюзнай дзяржавы, шматгадовы старшыня Беларускага саюза тэатральных дзеячаў Аляксей Дудараў 6 чэрвеня адзначае свой дзень нараджэння. Яму – 70. Нядаўна «Народная воля» друкавала інтэрв’ю з ім, але мы не маглі прайсці міма такой далёка не шэраговай даты ў жыцці літаратара і тэатральнага дзеяча. Прапануем яшчэ адну размову з драматургам.

На гадзінніку 47 хвілін на пятую. Адчуваецца, як сталіцу медленна, але упэўнена накрывае сваімі крыламі вячэрняя спякота. У галаве розныя думкі, якія тычацца надыходзячага паходу ў тэатр і бліжайшай гутаркі: бо спяшаюся я на сустрэчу з чалавекам, з якім марыла пазнаёміцца яшчэ з маленства.

Аляксей Дудараў – беларускі драматург, аўтар шматлікіх п’ес, з якімі людзі майго пакалення пачыналі знаёміцца яшчэ ў школе. Памятаеце яго «Вечар»? Каларытных и незвычайных Мульціка і Гастрыта? Праз гэтыя своеасаблівыя вобразы аўтар раскрывае чалавечую сутнасць, яе бязмежныя магчымасці. Увогуле, тэма чалавека, цікаўнасць да яго ўнутранага свету – адна з асноўных тэм яго творчасці. Прыгадайце «Радавых», якія жывуць па жорсткіх правілах вайны і імкнуцца захаваць ў сабе чалавека, нягледзячы на крывавыя абставіны вайны. Нават камедыю «Белыя росы» крытыкі вызначылі як народную. А ці камедыя гэта ўвогуле?

На падставе гэтага хацелася пагаварыць з Аляксеем Ануфрыевічам пра яго ўласнае адчуванне мастацтва, даведацца пра асобу, якая жыве ў ім, бо творы мастака не прадукт механічнага пісьма, а сінтэз жыццёвага досведу і  бязмежнага палёту душы…

– Аляксей Ануфрыевіч, у які момант вы ўсё ж такі зразумелі, што хочаце быць часткай мастацтва?

– Памятаю, калі я быў маленькім, мне ніколі не было сумна. Я заўсёды нешта маляваў, уяўляў сабе нейкія рэчы, нават проста глядзеў у столь, лежачы на печы. Адным словам, жыў у прыдуманым сабой свеце. Я лічу, што гэта было нішто іншае, як патрэба ўнутраная. Думаю, калі ў табе жыве «бацыла» мастацтва, то нікуды ад яе не дзенешся.

– А можа, ад бацькоў гэтая «бацыла» перайшла да вас?

– Мой бацька быў франтавіком. Памятаю, што ён цікава распавядаў розныя гісторыі. Можа, гэта мне ад яго і перадалося. Як казаў Чэхаў: «Талент ад бацькі, душа ад маці».

– Вы кажаце, што трэба жыць рэальным жыццём. А калі табе камфортна жыць ва ўласным віртуальным свеце?

– Ведаеце, калі чалавек пачынае выдумляць, пачынае жыць у віртуальным жыцці – гэта ненармальна. Хочацца запытацца, а людзям прыемна будзе жыць побач з табой і з тваім светам?

– Але зараз людзі ўсё больш паглыбляюцца ва ўласны свет і не цікавяцца душой і думкамі іншых…

– Гэта, я лічу, тычыцца толькі тых, хто не мае ніякіх адносін да мастацтва, літаратуры, то бок не жывуць гэтым. Але калі ты знайшоў сябе ў мастацтве, то проста абавязаны жыць у рэальным свеце і быць больш уважлівым да блізкага. А блізкі чалавек – гэта не твой сваяк, а чалавек, што знаходзіцца бліжэй да душы.

– Вы скончылі тэатральны факультэт Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута (Цяпер — Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). Што для вас значыць быць акцёрам?

– Быць акцёрам… Відавочна, што для мяне гэта не прафесія. Гэта стан душы. Гэта ўвогуле дыягназ. А калі гэта дыягназ, то нікуды не дзенешся. Гэта творчасць. Эмацыйны пасыл са сцэны павінен быць не штучным. А чым больш ты рэальны на сцэне, тым больш табе вераць. Таму, каб гэтага дасягнуць, неабходна верыць у тое, што ты гаворыш.

– У адным з інтэрв’ю вы казалі, што вы літаратар, а не акцёр…

– Бывае, што ў адным чалавеку жывуць і літаратар і акцёр, але гэта бывае рэдка. Пушкін, напрыклад, добра маляваў аўтапартрэты, але такім мастаком, як Ван Гог ці Рафаэль, ён не стаў.

– Вы пэўны час з’яўляліся мастацкім кіраўніком Драматычнага тэатра Беларускай Арміі. А якія галоўныя прынцыпы вы паклалі ў сцэнічнае выхаванне акцёраў?

– Па-першае, размаўляць з людзьмі, па-другое, не лічыць сябе нечым асаблівым, каб нішто не перашкаджала бачыць душу. Калі чалавек галаву заверне, тады адразу зразумела, чаго ён варты. Вось ты заўважала, што калі адзін чалавек выходзіць на сцэну і пачынае гаварыць, а яго проста не хочацца слухаць, а іншы выйдзе, і зала адразу заціхае, бо ў гэтага ёсць, што сказаць, а ў таго няма.

– Хацелася знайсці больш інфармацыі пра тэатр Беларускай Арміі, але высветлілася, што тэатр не мае сайта. Чаму?

– На мой погляд, тэатр і мастацтва павінна заставацца сабой у першародным выглядзе. Навошта гэта рэклама? Сапраўднае не рэкламуецца. Калі я працаваў у тэатры, то ніколі падчас спектакля не сядзеў у партэры, а выходзіў на балкон і прыслухоўваўся. Бачу, калі публіка слухае, трымае, гледачы нават абмяркоўваюць убачанае. Вось гэта сапраўднае жыццё. Але з часам, думаю, што з’явіцца і сайт.

– Скажыце, ці існуе канкурэнцыя за кулісамі тэатра?

– Вядома, што так. Але калі я прыйшоў працаваць у тэатр, то сказаў, што тэатр у тэатр не пушчу. Калі нейкая актрыса атрымоўвае пэўную ролю, то значыць рэжысёр так бачыць. І не трэба астатнiм крыўдзіцца: надыйдзе i iх час.

Зразумела, што ўлада, вядомасць часта псуюць людзей. Як жа захаваць у сабе душу, чалавека? Што для гэтага трэба зрабіць?

– Нічога рабіць не трэба. Я лічу бязглуздзіцай, калі чалавек ходзіць козырам. Тыя людзі, якіх я ведаю, простыя, звычайныя, але надзвычай таленавітыя. Можна прыгадаць Віктара Сяргеевіча Розава, Кірыла Юр’евіча Лаўрова, Расціслава Іванавіча Янкоўскага. Гэта сапраўды асобы, якія застануцца ў памяці як сапраўдныя і дастойныя людзі!