4 чэрвеня пасля начнога вобыску на лецішчы маці затрыманага Сяргея Ціханоўскага МУС паведаміў, што там знойдзены 900 тысяч долараў ЗША.

Ціханоўская Софья: "Я нават ў страшным сне не бачыла такіх грошай. Усе акуратненька, у банкаўскай упакоўцы"
Фота @pressmvd

Паказалі нават відэа з акуратнымі пачкамі банкнот. Чуваць голас следчага: «Скажыце, дык гэта вашы грошы?» Маці Ціханоўскага адказвае: «Мае». «А дзе вы іх ўзялі? Зарабілі?» – цікавіцца следчы. «Зарабіла», – адразу ж чуецца той жа жаночы голас.

Сёння ўдалося звязацца праз тэлефон з 71-гадовай Софьяй Ціханоўскай:

– Я ўжо не ведаю, што казаць пра вобыск, я ў шокавым стане. Машын столькі наехала. Міліцыя, следчыя. Там такі натоўп быў, што скажаш што хочаш. Можа паўтара дзесятка чалавек было, і невядома, хто і што там рабіў.

– Можа, крыху супакоіліся – зараз што скажаце пра ўчорашнюю знаходку на вашым лецішчы? – пытаюся ў Софьі Яфрэмаўны.

– Я дагэтуль толкам не адыйшла ад шоку, ад гэтага вобыску. Учора ж яны не давалі мне спаць. Лічы, усю ноч не спалі. Прыгаломшаны стан, не ўсё разумела. Стаялі, лічылі грошы. Я і зараз не ўспрымаю тую суму, якую яны называлі і паказвалі. Усе акуратненька, у банкаўскай упакоўцы. Я нават у страшным сне не бачыла такіх грошай. Трэба ж неяк праверыць па купюрах, з якога банка яны гэта ўсунулі. Вопіс мне далі, але не ўвесь. Не ведаю нават, як гэта праверыць. У мяне рукі і ногі трасуцца. Як можна людзям усунуць столькі грошай у дом? І што гэта наагул такое? Брыдотнікі!

Вобыск на лецішчы Ціханоўскіх пад Гомелем цягнуўся амаль суткі. Пачалі яго сілавікі а 16-й гадзіне 3 чэрвеня і скончылі амаль у такі ж час 4 чэрвеня. Змянілася ажно тры брыгады следчых. З лецішча 71- гадовую маці Сяргея Ціханоўскага следчыя павезлі на допытат у Гомель, а пасля зрабілі яшчэ вобыск у яе двухпакаёўцы ў спальным мікрараене абласнога цэнтра.

– Нічога яны ў мяне не знайшлі і не забіралі. Дый што ў мяне шукаць? Я ўсё жыццё працавала інжынерам-землеўпарадчыкам ў праектным інстытуце «Гомельгіпразем», у інспекцыі па экалогіі – эколагам, – дадае Софья Яфрэмаўна.

Цікаўлюся ў Ціханоўскай яе меркаваннем пра чарговую ізаляцыю сына падчас збору подпісаў у Гродна.

«Падаслалі аферыстку. Каб яе бацькі, калі яны ёсць, так мучыліся, як я тут – такую яна стварыла сітуацыю. Сяргей жа нічога кепскага не гаварыў, не рабіў. Паказалі праз арышт, што ў нашай дзяржаве нельга выходзіць на вуліцу і штосьці казаць пра ўладу», – лічыць Софья Ціханоўская.

Гутарыў па тэлефоне Анатоль ГАТОЎЧЫЦ.