Фота https://www.racyja.com (архіў)

На гэтым тыдні споўнілася два гады, як актывісты стаяць на варце ля рэстарана, што пабудаваны ля мемарыяла ў Курапатах. Які вынік дасягнуты за гэты час?

– Увесь гэты час варта знаходзілася ў цэнтры грамадскай увагі, – кажа палітык Павел Севярынец. – Адбылося шмат падзей, пераказваць іх не мае сэнсу, бо гэта зойме некалькі старонак.

Але трэба сказаць, што Курапаты вярнуліся ў масавую свядомасць, бо сотні тысяч людзей чыталі альбо глядзелі навіны пра тое, што там адбываецца.

Падчас крыжалому многія крыжы былі звезены, і гэта паказала стаўленне ўлад да памяці. Але мы павінны вяртацца да курапацкага крыжа, бо гэта знак і пакутаў, і ахвярнасці, і ўваскрашэння.

– Але які плён ад пікетавання рэстарана, бо ён як працаваў, так і зараз працуе?

– Плён у тым, што ў гэтую ўстанову наведвальнікі практычна не ездзяць. Тыя, хто стаіць на варце, пацвярджаюць гэта.

Рэстаран «вылятае ў трубу», і не выключана, што збанкрутуе. Усе зразумелі, што беларусы за сваю памяць будуць стаяць. Калі трэба, то і гадамі.

– Якія далейшыя перспектывы Курапацкай варты?

– Пакуль ёсць людзі, варта будзе стаяць. І людзі прыходзяць…