Фота аўтара

Гэтым разам з Варшавы ў Беларусь прыбыў канвой з 47 аўтамабіляў з 300 тонамі гуманітарнай дапамогі для барацьбы з эпідэміяй COVID-19. З іх пяць машын у пятніцу прыбылі ў Гродзенскую вобласць. Гэта ўжо другі транспарт гуманітарнай дапамогі, які даставілі з Польшчы ў Беларусь.

Ізноў дапамога беларусам з Польшчы
Яраслаў Ксёнжэк. Фота аўтара

Генаральны консул Польшчы ў Гродне Яраслаў Ксёнжэк распавёў журналістам, што сярод гуманітарнага грузу медыцынскія маскі, лекі, тэсты на выяўленне каранавіруса, сродкі асабістай абароны і апараты штучнага дыхання.

“Мы скіравалі дапамогу суседу, бо бачым, што яна тут патрэбная, — падкрэсліў генеральны консул. – І ўсе гэтыя рэчы тут абавязкова спатрэбяцца. Эпідэмія нікога не абмінае, а таму мы задаволеныя, што можам дапамагчы”.

Ізноў дапамога беларусам з Польшчы
Якуб Січак. Фота аўтара

Капітан польскай пажарнай службы Якуб Січак, які суправаджаў груз, зазначыў, што ў Гродна прыехалі пяць грузавікоў, а астатні канвой накіраваўся ў Мінск. Паводле яго, гуманітарны груз акрамя Гродна будзе дастаўлены яшчэ ў Ліду, Шчучын і Смаргонь.

Ізноў дапамога беларусам з Польшчы
Фота аўтара

“Для нас гэта гістарычны канвой, бо ўдзел у ім бяруць адразу тры службы: польскія пажарныя, польскія пагранічнікі і польская паліцыя, — падкрэсліў капітан Січак. – Граніцу прайшлі хутка, за няпоўныя дзве гадзіны на беларускім баку аформілі 47 машын без праблем. Мы нават маем намер сёння ж вярнуцца назад у Польшчу”.

Ізноў дапамога беларусам з Польшчы
Фота аўтара

Гэтым разам Польшча ахвяравала Беларусі 30 тысяч рэспіратараў, 20 тысяч упаковак лекаў, 5 мільёнаў масак, 250 000 літраў дэзінфікуючай вадкасці, 50 000 проб на каранавірус і 10 000 ахоўных касцюмаў.