Гатэль "Кастрычніцкая", дзе Сяргей Ціханоўскі меў сваю студыю. Фота аўтара

Амаль суткі цягнуўся вобыск на лецішчы Ціханоўскіх пад Гомелем. Пачалі яго сілавікі а 16-й гадзіне 3 чэрвеня і скончылі амаль у такі ж час 4 чэрвеня. Змянілася ажно тры брыгады следчых. І нарэшце ўранку МУС паведаміў, што мінулай ноччу на лецішчы знайшлі 900 тысяч долараў ЗША. Паказалі нават відэа з акуратнымі пачкамі банкнотаў. Чуваць голас следчага: «Скажыце, дык гэта вашы грошы?» Жаночы голас, пэўна, маці Ціханоўскага, адказвае: «Мае». «А дзе вы іх ўзялі? Зарабілі?» – цікавіцца следчы. «Зарабіла», – чуецца той жа жаночы голас.

У якім стане была кабета сталага веку пасля начнога ператрусу, сказаць цяжка. Пагутарыць з Софьяй Ціханоўскай так і не давялося, хоць напярэдадні такая дамова была.

«Я ўсё яшчэ занятая тут», – сказала праз мабільны тэлефон у 15.23 журналісту «Народнай Волі» Софья Яфрэмаўна.

З лецішча міліцыя і следчыя павезлі Софью Ціханоўскую на допыт у Гомель. Верагодна, і на вобыск у яе гарадской кватэры. Тым часам жонка Сяргея Ціханоўскага Святлана пакаментавала Радые «Свабода» начную знаходку з плачам: «Я проста ў шоку! Мы з хлеба на ваду перабіваемся, а тут такія грошы! Мяркую, іх маглі падкінуць. Маці Сяргея 71 год, яе ноч марнавалі, і яна перахвалявалася».

Сёння ж у студыі Сяргея Ціханоўскага, арэндаванай у гатэлі «Кастрычніцкая» ў Гомелі, другі раз наведаліся сілавікі. Пра гэта напісаў паплечнік Ціханоўскіх Аляксандр Кабанаў. Напярэдадні тут таксама праходзіў вобыск. Вынімалі шматлікія дакументы Сяргея, датычныя прадпрымальніцкай дзейнасці. Дзверы студыі кінулі насцеж. Аднак пасля сённяшняга ператрусу, прынамсі, а 17-й гадзіне, яны былі замкнутыя, але не апячатаныя, як гэта бывае, калі адсутнічае гаспадар і праводзяцца нейкія следчыя дзеянні.