У вёсцы Прудок Мазырскага раёна сярод ночы сілавікі зрабілі ператрус у гаспадарцы мясцовага фермера Аляксандра Вянгуры, які даваў каментарыі блогеру Сяргею Ціханоўскаму для Youtube-канала «Страна для жизни». Вянгура распавядаў Ціханоўскаму, як паверыў абяцанням улад пра дзяржаўную падтрымку фермерства, заняўся гэтай справай і сутыкнуўся з бюракратызмам і чыноўніцкай валакітай. Менавіта ў Вянгуры было знята жартоўнае інтэрв’ю з парасятамі.

«Прыехалі да мяне ў гадзіну ночы – джыпы, машыны з брэсцкімі нумарамі, ДАІ. Людзі ў цывільным, няголеныя. Ніхто ніякіх пасведчанняў не паказваў. Сталі пытацца пра нейкага хлопца Дзіму, забойцу, які нібыта ў мяне хаваецца. Дурдом ды і толькі!» – абураецца фермер Вянгура.

Паводле яго слоў, нязваныя госці абшнарылі ўвесь дом, усю гаспадарку, запісалі на відэа тлумачэнне, што Вянгура не чуў і не бачыў «ніякага Дзіму».

Кампанія сілавікоў пасля вобыску ў фермера выправілася да яго 72-гадовай маці, якая жыве побач. І ў яе ўчынілі ператрус. Амаль паўсутак цягнулася вакханалія.

«Вэрхал учынілі такі, што страх глядзець! Павыварочвалі ўсё з шафаў. Мала таго, маці палец на руцэ выкруцілі і паранілі. Кроў скрозь. Во толькі што прывёз яе ад медыкаў», – дадае Аляксандр Вянгура.

Фермер не выключае, што ўсе гэтыя гвалтоўныя дэманстрацыйныя ператрусы робяцца дзеля запалохвання не толькі прыхільнікаў Ціханоўскага, але і звычайных людзей. Бо нікому няма ахвоты цярпець здзек і прыніжэнне.

Аляксандр тлумачыць, што яго яшчэ ўчора на аўтамашыне спыніла міліцыя. Ехаў разам з Аляксандрам Цуканавым, аўтарам Youtube-канала «Мозырь для жизни». Іх разлучылі. Цуканаў і зараз застаецца ў міліцыі, і не вядома, што з ім. Аўтар мазырскага канала «для жыцця» толькі 2 чэрвеня выйшаў з ізалятара пасля 25 сутак арышту, якія атрымаў праз суд за сустрэчу з відэаблогерам Ціханоўскім.

Затрыманы таксама сябар Цуканава Дзяніс Колас. У свой час ён прыходзіў у суд падтрымаць Цуканава, а пасля адсідкі там адміністрацыйных сутак сустракаў яго каля ізалятара.

Поделиться ссылкой: