Сяргей Ціханоўскі, архіўнае фота

Пра гэта “Свабодзе” расказаў паплечнік Ціханоўскіх Аляксандар Кабанаў. Паводле яго інфармацыі, пералічваньне купюраў працягваецца дагэтуль.

«Я магу паведаміць толькі тое, што мне вядома на гэты момант, — кажа Аляксандар Кабанаў. — Інфармацыю маю ад людзей, якія знаходзяцца на месцы вобшуку. Перапіс купюр яшчэ працягваецца. Іх знайшлі ўначы, прыкладна паміж 1-й і 4-й гадзінамі.

Грошы знайшла ўжо трэцяя сьледчая брыгада, якая прыехала на месца. Яны зьмяняліся на працягу ўсяго пэрыяду вобшуку. Панятыя таксама зьмяняліся, у дом нікога не пускалі. Разам з маці Сяргея Ціханоўскага ў якасьці панятых на месцы вобшуку хацелі прысутнічаць яго знаёмыя і сябры, але ім адмовілі.

Трэцяя брыгада сьледчых знайшла частку грошай у адным месцы, яшчэ частку — у другім. Гэта не былі нейкія таемныя месцы. Там ужо праводзілі вобшук і раней нічога не знайшлі».

Як удакладняе Кабанаў, акрамя грашовых сродкаў, сьледчыя выявілі пнэўматычнае ружжо, а таксама вялікую колькасьць дакумэнтаў, датычных дзейнасьці фірмы Сяргея Ціханоўскага і асабіста яго як індывідуальнага прадпрымальніка. Па словах Аляксандра Кабанава, перапіс забраных дакумэнтаў праведзены ня быў, іх проста склалі ў скрынкі.

Вобшук у прыватным доме Сяргея Ціханоўскага ля Гомлю пачаўся прыкладна а 17-й гадзіне 3 чэрвеня. Ён цягнецца дагэтуль.

Поделиться ссылкой: