Фота president.gov.by

Пра гэта кіраўнік краіны распавёў сёння пасля прызначэння новых міністраў і прэм’ера, піша «Наша Ніва» са спасылкай на СБ:

«Мы стварылі сваю краіну, у якой могуць жыць нашы дзеці. Сёння той момант, калі адстаяць яе трэба. Трэба абараніць, — сказаў ён. — Вы бачыце, што нас на часткі разрываюць. Адзіная постсавецкая краіна, якая не бачыла гора.

І некаторым беларусам здаецца, што гэта далёка Украіну разбурылі. Ідзе вайна. Дзесьці далёка Малдова, якую падзялілі напалам. Забыліся як у Літве ваявалі, з боем адстойвалі незалежнасць, суверэнітэт у свой час. Забыліся, што сёння шугае яшчэ Каўказ: армяне з азербайджанцамі не могуць дамовіцца.

Забыліся, што Грузія страціла амаль траціну сваёй тэрыторыі. Нарэшце, ніхто не ведае, як мой сябар Рахмон з кулямётам наперавес уваходзіў у сталіцу Таджыкістана для таго, каб навесці парадак. Колькі там загінула людзей. Як з барадачамі змагаліся.

Забыліся, як былы прэзідэнт Карымаў у Андыжане задушыў путч, расстраляўшы тысячы чалавек. Усе асуджалі яго, а калі памёр — на каленях стаялі, галасілі, плакалі. Мы гэтага не перажылі, таму мы гэтага разумець не хочам. Некаторыя. Ну так мы нагадаем!»