Кіраў Ліпман. Фото https://lv.sputniknews.ru

Вядомы латвійскі бізнесмен і шматгадовы прэзідэнт Федэрацыі хакея Латвіі шчыра распавёў «Народнай Волі» пра сваё стаўленне да чэмпіянату свету па хакеі, які ў наступным годзе павінен прайсці ў Рызе і Мінску.

Кіраў Ліпман узначальваў Федэрацыю хакея Латвіі каля дваццаці гадоў, але апошнія два гады ён ужо не працуе на гэтай пасадзе.

Зрэшты, без справы чалавек не застаўся, бо, акрамя ўсяго іншага, ён з’яўляецца ўладальнікам буйной латвійскай фармацэўтычнай кампаніі «Grindex».

– Хакейныя падзеі, безумоўна, і зараз адсочваю, бо гэта любоў, відаць, на ўсё жыццё, – кажа Кіраў Ліпман. – Натуральна, з нецярпеннем чакаю чэмпіянату свету, які ў наступным годзе пройдзе ў Мінску і Рызе.

Дарэчы, гэта першынство было практычна абяцана мне, бо раней ішоў насустрач Міжнароднай федэрацыі хакея і пагаджаўся на правядзенне чэмпіянатаў у тых краінах, дзе такіх турніраў не было.

Магу сказаць, што Рыга на правядзенне сусветнага першынства прэтэндавала яшчэ ў 2018 годзе, і мне тады кіраўніцтва міжнароднай федэрацыі паабяцала: «2021 год будзе твой. Можаш быць у гэтым упэўнены….»

– А ў выніку першынство пройдзе і ў Рызе, і ў Мінску…

– У мяне з беларускімі калегамі заўсёды былі цудоўныя стасункі, але магу шчыра сказаць, што думаю з нагоды правядзення чэмпіянату ў дзвюх краінах. Дык вось гэтым фактам я абсалютна не задаволены.

Менавіта Латвія павінна была праводзіць чэмпіянат, але ж паўфіналы і фінал адбудуцца ў Мінску. Пры ўсім тым, што ў беларускай сталіцы ў 2014-м праходзіла першынство свету. А вось у Рызе такі турнір апошні раз адбыўся аж у 2006 годзе.

– А што дае краіне правядзенне паўфіналаў і фіналу?

– У 2013 годзе сумесны чэмпіянат свету праводзілі Швецыя і Фінляндыя, і пасля гэтага фіны былі настолькі абураны, што сказалі: «Ніколі ў жыцці мы больш не пойдзем на такі падман». Тады паўфіналы і фінал праходзілі ў Стакгольме, а Фінляндыя страціла шмат грошай і аказалася ля разбітага карыта. Нават не акупіліся тыя выдаткі, якія пайшлі на арганізацыю турніру. А зараз ля такога карыта можа аказацца і Латвія.

Трэба браць да ўвагі, што Міжнародная федэрацыя хакея – дастаткова бедная арганізацыя. У яе няма такіх спонсараў, як, скажам, у футболе, дзе круцяцца мільёны і нават мільярды долараў.

– На ваш погляд, чаму права правесці паўфіналы і фіналы аддалі ўсё-такі Мінску?

– Латвія хацела правесці чэмпіянат, але, напэўна, не мела вялікага жадання займацца
інфраструктурай. А Мінск, відаць, паставіў ультыматум: далучымся да правядзення толькі ў тым выпадку, калі фінал і паўфіналы пройдуць у нас.Так і адбылося.

Федэрацыя Латвіі дрэнна спрацавала, там, відаць, рашэнні прымалі людзі, далёкія ад хакея. Яны нават не разумелі, што робяць і на што пагаджаюцца. Я, напрыклад, ніколі не дапусціў бы, каб гэтае першынство праходзіла ў дзвюх краінах. Латвія цудоўна правяла першынство ў 2006 годзе, яго многія да гэтага часу з цеплынёй успамінаюць.

У свой час да чэмпіянату свету – 2006 не без маёй дапамогі ў Рызе быў пабудаваны палац «Рыга-Арэна», і на гэтым усё. Дзяржава ніводнага лядовага палаца ў краіне не пабудавала.

Мінск скарыстаўся ўсімі гэтымі момантамі і, як кажуць, аб’ехаў Рыгу на адным каньку. Магчыма, і правільна зрабілі.

– У вас, наколькі мне вядома, таксама ёсць сувязь з Беларуссю…

– Я заўсёды з вялікай павагай стаўлюся да вашай краіны, у мяне, да слова, жонка родам са Слуцка. Дарэчы, у гэтым горадзе ёсць прадстаўніцтва маёй фармацэўтычнай кампаніі.

– Буйны бізнес?

– У мяне некалькі фармацэўтычных прадпрыемстваў – у Славакіі, Эстоніі, Латвіі. А ў Беларусі вельмі добрае прадстаўніцтва, якое прасоўвае на беларускі рынак нашы прэпараты.

– Вы былі ў Мінску на чэмпіянаце свету 2014 года. Ці спадабалася вам тады арганізацыя турніру?

– Усё было на ўзроўні! Асабліва спадабалася «Мінск-Арэна». Палац проста ўражвае!

– У гэтым годзе першынство, якое павінна было адбыцца ў Швейцарыі, адмянілі з-за пандэміі. Не выключаеце варыянту, што і ў наступным годзе чэмпіянат не адбудзецца?

– На сто працэнтаў ніхто нічога спрагназаваць не можа, бо мы ж бачым, які няўстойлівы свет. Тым больш што меркаванняў мноства, а лекаў супраць хваробы пакуль няма. Застаецца толькі спадзявацца на лепшае. Некалі ж гэта ўсё закончыцца.

ТЫМ ЧАСАМ
Міжнародная федэрацыя хакея апублікавала новы склад груп на чэмпіянат свету – 2021, які сумесна прымуць Беларусь і Латвія. Як і планавалася, зборную Расіі памянялі месцамі з камандай Канады. Такім чынам, Расія будзе праводзіць матчы групавога этапу ў Мінску, а не ў Рызе.

У выніку ў групе «А» сабраліся нацыянальныя каманды Беларусі, Расіі, Швецыі, Чэхіі, Швейцарыі, Славакіі, Даніі і Вялікабрытаніі. У групу «B» трапілі зборныя Канады, Фінляндыі, ЗША, Германіі, Латвіі, Нарвегіі, Італіі і Казахстана.

Турнір запланаваны на перыяд з 7 па 23 мая 2021 года.

***

Газета «Народная Воля» № 42 (4500)