Алесь Бяляцкі: «У душы раба не можа нарадзіцца штосьці вартае…»

219
Алесь Бяляцкі. Фота https://belaruspartisan.by

Что такое чалавечае шчасце? Чым лепш займацца – палітыкай ці літаратурай? Якая роля кахання ў жыцці чалавека? Як можна адпачываць? Дзе лепей жыць? На гэтыя і іншыя пытанні ёсць адказы ў гутарцы Эдуарда Акуліна з вядомым грамадскім дзеячам, пяціразовым намінантам на Нобелеўскую прэмію міру Алесем Бяляцкім…

– Алесь, мы знаёмы з табой з 1979 года, калі паступілі на падрыхтоўчыя курсы Гомельскага дзяржаўнага “ўнівермага”, як любіў называць нашу alma mater Анатоль Сыс. Якое месца ў тваім жыцці займае вучоба ў тагачасным універсітэце? Што яна табе дала? Якія прыярытэты ты для сябе там вызначыў?

– Мы паступілі ва ўніверсітэт сямнаццацігадовымі. І ні ты, ні я, здаецца, не памыліліся з выбарам прафесіі. Памятаеш, у тыя часы было прэстыжна трапіць у вайсковае вучылішча ці ў нейкі ўніверсітэт Масквы, Ленінграда. Мы ж абралі Гомель, беларускую філалогію (рускую нам навязалі ў давесак), каб вучыць беларускую мову, спазнаваць нашу родную літаратуру. Гэта быў свядомы выбар, які вызначыў наш лёс, які прынёс нам багата радасцяў, яркіх хвалюючых хвілін і шмат перажыванняў, драматычных нот у далейшым жыцці.

– Якую падзею са студэнцкага жыцця ты лічыш для сябе знакавай, лёсавызначальнай?

– Знаёмства ўлетку 1981 года з “майстроўцамі” ў Мінску, з Вінцуком і Ірынай Вячоркамі, Алесем Сушам, Сержуком Сокалавым-Воюшам… Гэта была чатырохгадзінная сустрэча, пасля якой я зразумеў, што не адзін, сам-насам, з гэтым вечна ныючым болем, з верадам Беларушчыны. Што ёсць такія ж, як я, маладыя хлопцы і дзяўчаты, якія не плачуць і не скардзяцца на цяжкі беларускі лёс, не затаіліся па ўласных норах, як тхары, а ведаюць, што трэба рабіць. Гэтае знаёмства вызначыла ўсё маё наступнае жыццё.

– У свой час ты актыўна займаўся палітыкай. А потым раптоўна сышоў з палітычнай сцэны Беларусі. Надышло расчараванне?

– Я ўспрымаў палітычную дзейнасць як частку больш шырокай грамадскай дзейнасці. І калі была магчымасць дзеяць эфектыўна, працаваць на карысць незалежнай, дэмакратычнай Беларусі ў палітыцы, дык я гэта і рабіў – у шэрагах Беларускага Народнага Фронту, будучы дэпутатам Мінскага гарадскога Савета. Але пасля 1994 года магчымасці для палітычнай дзейнасці штогод імкліва звужаліся, пакуль не змялелі да мінімуму. З 1996 года болей часу пачала забіраць праваабарона, бо ў нас з’явіліся сотні людзей, якія былі рэпрэсаваны і патрабавалі дапамогі. Хутка стала зразумела, што намаганні ў праваабароне даюць большы плён для грамадства, таму з пачатку 2000- х я фактычна цалкам сышоў у грамадскі сектар, у абарону правоў чалавека.

– Паводле беларускага заканадаўства ты не маеш права выбірацца на пасаду прэзідэнта краіны… З якой прычыны?

– Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь я не маю права ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах, бо нарадзіўся па-за межамі краіны. Першыя тры гады свайго жыцця (1962–1965 гг.) я пражыў з сям’ёй у Карэліі, на акупаваных СССР у 1940 годзе фінскіх землях. Затым мы вярнуліся ў Беларусь. Зараз я жартую ў размовах з сябрамі, што, можа, мне варта папрасіць фінскага грамадзянства і паспрабаваць стаць прэзідэнтам там…

Калі ж сур’ёзна, нават калі была б магчымасць удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах у
Беларусі і нават калі б выбары не фальсіфікаваліся, як гэта адбываецца ў нас, ні ў якім выпадку – не. Каб прафесійна ўдзельнічаць у палітыцы, трэба быць, вобразна кажучы, палітычнай жывёлінай і мець скуру таўшчынёй, як у слана, каб магчы перажыць усе тыя інтрыгі, хітрыкі, кампрамісы і мэтазгоднасці, на якія вымушаны ісці палітыкі. Трэба заўсёды выбіраць паміж кепскім і яшчэ горшым. Камусьці гэта падабаецца, хтосьці бачыць за пастаяннымі палітычнымі інтрыгамі вышэйшыя мэты, іншыя – уласную карысць. Навошта мне гэта ўсё? Я значна лепей і ўпэўненей сябе адчуваю, калі маю магчымасць не крывадушнічаць, казаць і пісаць тое, што думаю.

– У адным сваім інтэрв’ю ты заявіў, што “мы знаходзімся ў сітуацыі, калі рот заклеены скотчам”. Патлумач, калі ласка, чаму ты так лічыш? Здаецца, сёння пісьменнік можа пісаць пра што хоча і як хоча… Яму ніхто не забараняе выказвацца на любую тэму. Можа, сучасныя літаратары баяцца гаварыць праўду? Стараюцца захаваць лаяльнасць да існуючай улады? Асабліва гэта заўважна па дзейнасці маладых творцаў…

– Казаў я гэта адносна свабоды слова і распаўсюджвання інфармацыі ў краіне. Але, безумоўна, тое ж датычыцца і беларускіх творцаў. Вядома, зараз не часы СССР, калі за асабістыя запісы ў дзённіку маглі запіхнуць у псіхушку, як літаратуразнаўцу Анатоля Сідарэвіча. І гэта трэба цаніць. Але калядзяржаўны літаратурны працэс: выданне кніжак у дзяржаўных выдавецтвах, літаратурныя рэдакцыі часопісаў, “ЛіМа”, выступленні на тэлебачанні ці радыё, вечарыны, літаратурныя выставы, кірмашы – гэта ўсё манапалізавана графаманамі, калялітаратурнымі кар’ерыстамі ці проста слабымі людзьмі, якім, па вялікім рахунку, начхаць на беларускую літаратуру. Значная частка з іх піша па-руску, успрымаюць сябе як акраец “русского мира” і не з’яўляюцца фактарам нашай літаратуры.

Але, дзякуй Богу, ёсць некалькі незалежных літаратурных часопісаў і альманахаў, усе самыя цікавыя літаратурныя навінкі сёння выдаюцца незалежнымі пісьменнікамі. Творцы, што не захацелі пайсці на ўслужэнне ўладзе, якая не бачыць у беларускай культуры, і літаратуры ў тым ліку, вартай каштоўнасці, на сёння задаюць у беларускай літаратуры тон. Гэтае супрацьстаянне доўжыцца ўжо чвэрць стагоддзя. Улады адабралі ў пісьменнікаў Дом літаратара, спынілі ўсялякую фінансавую падтрымку, паспрыялі расколу Саюза пісьменнікаў. Некаторыя творцы за актыўнае выказванне грамадскай пазіцыі прайшлі праз суды і турму. Гэта і Уладзімір Някляеў, і Уладзімір Арлоў, і Лявон Баршчэўскі ды іншыя. Але да гонару ніякія абмежаванні і рэпрэсіі не паставілі іх на калені.

Незалежная жыццёвая пазіцыя дае магчымасць быць незалежным і ў творчасці. У душы раба не можа нарадзіцца штосьці вартае. Закон панавання вольнага творчага духу – універсальны. Ён датычыцца і маладых пісьменнікаў.

– Чым для цябе стала вязніца ў сэнсе жыццёвага досведу? Ці паўплывала яна на твой светапогляд, светаадчуванне, духоўныя памкненні?

– Тры гады турмы былі асобным этапам жыцця, не падобным на іншыя. Не я першы з беларускіх літаратараў, хто праходзіў гэты шлях, але ў кожнага ён свой. Я апынуўся зусім у іншым асяродку, чым той, у якім жыў у Мінску. Простыя хлопцы, людзі часта са сваімі хібамі і вадамі. У маім атрадзе ў Бабруйскай калоніі са ста чалавек было каля сарака забойцаў. Яны тым не менш былі вельмі цікавыя для мяне. Найперш я бачыў у іх людзей. І да мяне яны ставіліся з павагай і разуменнем, апроч тых “актывістаў”, хто верна служыў адміністрацыі. Вось ад іх можна было чакаць усяго чаго заўгодна. Турма падобна на больш рэльефны і кантрасны злепак усёй краіны. Я ведаю Беларусь, таму ў маральным плане мне было няцяжка сядзець. Тым больш што я адчуваў магутную хвалю салідарнасці з волі, у тым ліку і ад беларускіх творцаў.

Турэмнае жыццё, вядома ж, паднявольнае, брыдкае і аскетычнае. Самае каштоўнае, што ты там маеш, – гэта тваё я. Скрозь – абмежаванні, правакацыі, несправядлівасць, але дух мой, дзякуючы маім сябрам, упэўненасці ва ўласнай праваце, лунаў высока над Бабруйскам і Бярэзінай…

– Твая праваабарончая і літаратурная дзейнасць неаднойчы была ацэнена высокімі айчыннымі і міжнароднымі ўзнагародамі. Якая з іх і з якой прычыны найбольш важная для цябе?

– Большасць гэтых прэмій ды іншых узнагарод была дадзена, калі я знаходзіўся ў турме, яны з’яўляюцца сімвалічным жэстам салідарнасці з палітычным вязнем, своеасаблівым пратэстам супраць несправядлівасці, якую ўчынілі беларускія ўлады. А таксама ясным сігналам, што беларуская дэмакратычная грамадскасць, міжнародная супольнасць пільна назіраюць за тым, што адбываецца ў нашай краіне з правамі чалавека, і ніколі не пагодзяцца з іх грубымі парушэннямі. Таму тут не мая заслуга, а, хутчэй, збег абставін.

Я вельмі цаню літаратурную прэмію імя Алеся Адамовіча, якую надаў мне Беларускі ПЭН-цэнтр у 2014 годзе за кнігу “Асьвечаныя Беларушчынай”, бо з вялікай павагай стаўлюся да Алеся Адамовіча. Важнай для мяне з’яўляецца прэмія імя Вацлава Гавела за заслугі ў абароне правоў чалавека Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, першым лаўрэатам якой я стаў у 2013 годзе. Я асабіста быў знаёмы з Вацлавам Гавелам.

Таксама важнае для мяне ганаровае грамадзянства Парыжа, якое мне далі ў 2012 годзе. Наконт апошняга – у мяне часам пытаюцца, а якія льготы я з гэтага маю. Я жартам адказваю, што мне ў давесак далі бясплатную кватэру ў Парыжы і бясплатны праезд у метро. І людзі вераць! Даводзіцца іх расчароўваць. У матэрыяльным плане гэта нічога не дае і з’яўляецца сімвалічным, але такім дарагім для мяне знакам салідарнасці з беларускім праваабаронцам.

Урэшце, усе гэтыя прэміі і адзнакі – спакуса для себялюбцаў, і лепей трымацца ад іх падалей.

– Якое месца ў тваім жыцці займае каханне? Ці памятаеш, калі ты закахаўся першы раз?

– Істотнае месца, як у жыцці амаль кожнага. Каханне напаўняе чалавека сэнсам існавання. Без яго наша жыццё было б прэсным і нецікавым.

Памятаю сваё першае захапленне. У другім класе (мне было восем гадоў) перада мной сядзела дзяўчынка Іра, ціхмяная такая, высакаватая, русявая, з доўгай шыяй. І вось я сяджу, гляджу на светлы завіток, пасмачку на яе патыліцы, на сінюю жылку, якая торгаецца пад яе празрыстай скурай на шыі, і раптам адчуваю да яе нейкае незразумелае пачуццё, якое агарнула мяне. Такое было ўпершыню. А так яшчэ ў дзіцячым садочку я дагнаў дзяўчынку, якая ўцякала ад мяне, і пацалаваў яе, але гэта ўсё было знарок, малпаванне дарослых.

– Ваш шлюб з жонкай Наталляй прайшоў нялёгкае жыццёвае выпрабаванне на трываласць… Чыя большая заслуга ў тым, што і праз 33 гады сумеснага жыцця вы ўсё яшчэ разам?

– У кожнага з нас у жыцці свае выпрабаванні. Не думаю, што нашы былі большыя ці складанейшыя, чым у іншых людзей. Сямейны гвалт, непавага адзін да аднаго, астылыя пачуцці, эгаізм, легкадумнасць і здрада, нежаданне чуць адзін аднаго, саступаць адзін аднаму – ці ж гэта не выпрабаванні? Мне падаецца, што ў наш час людзі становяцца ўсё больш эгацэнтрычнымі і самадастатковымі. Ім добра жыць адным. Яны не хочуць абцяжарваць сябе дадатковымі абавязкамі яшчэ перад кімсьці. Расплатай за гэта – духоўная адзінота.

– Па сваёй грамадскай дзейнасці ты шмат вандруеш па свеце. Знаёмства з якой краінай уразіла цябе найбольш? Калі б была магчымасць выбіраць месца для жыхарства, ты выбраў бы…

– Прыгадай, за якой жалезнай сцяной мы жылі ў СССР! Каб выехаць за мяжу, нават у краіны “сацыялістычнага лагера”, трэба было мець бездакорную біяграфію ў вачах парткамаў ды КДБ. Першы раз у жыцці я выехаў у Беласток, калі мне было ўжо 30 гадоў.

З таго часу я пабываў багата ў якіх краінах. Падчас гэтых паездак амаль уся ўвага і ўсе сілы аддаюцца працы. Часта проста не зважаеш на прыгажосць і адметнасць іншых гарадоў, краявідаў, людзей. Таму заўсёды радуешся, калі ёсць дзень, каб проста пахадзіць па горадзе ці наведаць музей.

Запомніліся назаўжды музеі Парыжа, Вены, Бруселя, Капенгагена, Стакгольма, жырафы і сланы ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы, фіёрды і горы Нарвегіі, старыя кварталы Лісабона і Прагі, Правена, Гента і Бруге, неверагодна цёплы акіян на Кубе, лядовыя таросы на возеры Мічыган у Чыкага, альпійскія лугі ў Гармішы і цяньшаньскія каля Бішкека, велічныя касцёлы ў Страсбургу і Кёльне, старажытныя калізеі ў Рыме і Тарагоне, антычныя храмы ў Сіракузах. Урэшце, свет зараз адчынены для ўсіх, толькі былі б жаданне і магчымасці.

Але нідзе я не адчуваю сябе цалкам камфортна. Ужо праз некалькі дзён пачынаю сумаваць па Беларусі. Яшчэ ў Вільні, у Беластоку – так-сяк, а далей – ужо не. Маральна самы цяжкі час для мяне быў – гэта служба ў войску на Урале, калі паўтара года я мусіў жыць на чужыне. Усё ж я вельмі дамаседлівы, беларускі чалавек. А жыць я хацеў бы ў Гомелі. Нягледзячы на ягоную бясконцую правінцыйнасць, гэта мой горад па клімаце, па людзях, па рытме. Але гэта, мабыць, ужо ў другім жыцці.

– Ведаю, што ты апантаны дачнік, а тваё хобі – кветкаводства. Адкуль у цябе, гарадскога хлопца, такая незвычайная цяга да зямлі?

– Праваабаронцы, як і многія грамадскія актывісты, ужо чвэрць стагоддзя жывуць у стрэсавай сітуацыі. Увесь час штосьці адбываецца: кагосьці арыштоўваюць, судзяць, пастаянныя праблемы з правамі чалавека ў нашай краіне. Мы часта апынаемся на вастрыі падзей, падпадаем пад удар. Таму зямля для мяне – гэта мой псіхолаг і псіхатэрапеўт. Папораўшыся на выхадных, калі атрымліваецца, у градах, вяртаешся ў Мінск як новенькі. Зямля выцягвае ўсе трывогі і клопат, надае спакой і раўнавагу. Апроч усяго, ад садаводства я атрымліваю і эстэтычнае задавальненне. Мы працуем на зямлі не ад таго, што нам не хапае ежы. Зараз гэта – для душы.

Мяне ўражвае, што я магу ўдзельнічаць у стварэнні цуду, калі з маленькага зярнятка вырастае пяшчотная кветка ці вялізны, ледзь падняць, гарбуз. Ты назіраеш, як штогод аднаўляецца, узнікае, квітнее і марнее жыццё, бясконцы кругаварот, у які ўцягнуты і ўсе мы. Ты заўважаеш, якія птушкі лётаюць у цябе над галавой, якія хмары плывуць, якія вожыкі ўлетку ці зайцы ўзімку прыбягаюць да цябе на агарод. Чалавек – дробненькая часцінка прыроды, і зямля дае магчымасць адчуваць гэта напоўніцу.

– Алесь, ты лічыш сябе шчаслівым чалавекам? Калі так, то што такое, па-твойму, чалавечае шчасце?

– Шчасце – для кожнага яно ў нечым сваё. У любы момант яно можа разляцецца на дробныя аскепкі ці развеяцца, як дым, таму лепей не казаць гоп, пакуль не пераскочыў. Калі ж не паспееш, дык іншыя скажуць гэта за цябе.

– Якая твая запаветная мара?

– Убачыць Беларусь сапраўды еўрапейскай, дэмакратычнай краінай, у якой шанавалася б беларуская мова, культура, дзе правы чалавека ляжалі б у падмурку дзейнасці ўлад, дзе людзі былі б свабоднымі, жылі б у дастатку і нікому не хацелася б адсюль з’язджаць.

P.S. Поўны тэкст гутаркі будзе змешчаны ў кнізе Эдуарда Акуліна “Падзяліцца поўняй”.

***

Газета “Народная Воля” № 42 (4500)

Поделиться ссылкой: