Фота аўтара

3 чэрвеня ў Гомелі ў відэастудыі «Компас», якая належыць затрыманаму блогеру Сяргею Ціханоўскаму, следчыя правялі вобшук. Вынікі яго пакуль невядомыя.

І сёння ж у гэты час вядзецца вобшук на лецішчы Ціханоўскіх у садовым таварыстве «Вуць», што пад Гомелем. Сяргей там не зарэгістраваны, але часам прыязджаў пераначаваць.

Каб правесці ператрус, следчыя прывезлі з Мінска маці Ціханоўскага. Яна ў сталіцы дапамагала нявестцы даглядаць дзяцей. Яе папярэдзілі: калі не паедзе у Гомель, дзверы на лецішчы ўзламаюць і вобшук правядуць без яе.

«Выбачайце, гаварыць зараз не магу. Тут у мяне зараз забіраюць усё», — толькі што паведаміла журналісту «Народнай Волі» Софья Яфрэмаўна.

Відэаблогера Сяргея Ціханоўскага праз правакацыю затрымалі ў Гродна тры дні таму падчас збору подпісаў за жонку Святлану, якая вылучаецца кандыдатам на прэзідэнта. З Гродна Ціханоўскага разам з іншымі затрыманымі паплечнікамі перавезлі ў Мінск. Цяпер Сяргей, паводле яго адваката, знаходзіцца ў СІЗА на вуліцы Валадарскага.