Васіль Зуёнак

Сёння адзначае сваё 85-годдзе беларускі паэт, перакладчык Васіль Зуёнак. Ён – лаўрэат некалькіх дзяржаўных прэмій, ганаровы член Нацыянальнай акадэміі Беларусі. Аб тым, як яго паэзія ў прамым сэнсе ўзляцела да зорак мы прапануем даведацца з інтэрвь’ю з ім Міхася Скоблы, надрукаваным у свой час на «Радыё Свабода». (Арфаграфія і стылістыка арыгінала захаваныя. – Рэд.)

Гэта быў ці не найвышэйшы ўзьлёт беларускай паэзіі. У адзін зь летніх дзён 1978 году яна загучала на ваколземнай арбіце. Беларускі касманаўт Уладзімер Кавалёнак пачаў адзін са сваіх касьмічных рэпартажаў чытаньнем вершаў з кнігі “Нача”, незадоўга перад гэтым дастаўленай на арбітальную станцыю “Салют-6” зь Зямлі. Аўтар той легендарнай кнігі – паэт Васіль Зуёнак – сёньня госьць “Дому літаратара”.

Міхась Скобла: “Спадар Васіль, а гэта не легенда? Ваша кніга сапраўды пабывала ў космасе?”

Васіль Зуёнак: “Тут аніякіх сумненьняў быць ня можа. Факт гэты засьведчылі ўсе касьмічныя рэпартажы, якія ў той час перадаваліся па радыё, тэлебачаньні, друкаваліся ў газэтах (я помню інфармацыю ў “Известиях”). Памятаю тэлекадры, дзе Кавалёнак проста на арбіце чытае вершы з кнігі “Нача” свайму касьмічнаму спадарожніку Іванчэнкаву і нават перакладае зь беларускай на расейскую. Пасьля прызямленьня, як гаварыў мне сам Уладзімер Васілевіч, ён той асобнік кнігі здаў у тагачасны маскоўскі Музэй Кастрычніцкай рэвалюцыі”.

Скобла: “У вас жа ў той кнізе былі вершы і на касьмічныя тэмы, ледзь ня ўсе плянэты Сонечнай сыстэмы згадваліся: “Зямля, Вэнэра, Марс, Сатурн, Юпітэр – / вагоны з Сонцам счэпленыя вечна…”. Відаць, гэтым і зачапілі вы земляка-касманаўта за жывое?”

Зуёнак: 
“Думаю, не касьмічная лексыка яго падкупіла і заінтрыгавала. Зачапіла яго за душу наша родная рэчка Нача. Кавалёнак жа быў улюбёны ў свой край, любіў прыяжджаць на радзіму, на нашу Крупшчыну. Ён мне расказваў пазьней, як адбылася яго сустрэча з маёй кнігай. Падчас першага няўдалага палёту Кавалёнка не адбылася запраграмаваная стыкоўка ў космасе, і касманаўты хутка прызямліліся. Гэтая няўдача прывяла Кавалёнка ў родную вёску, ён прыехаў самотны, без суправаджальных картэжаў. Калі ў кнігарні касманаўт убачыў кнігу пад назвай “Нача”, ён яе адразу купіў і ўзяў з сабой у Зорны гарадок. Калі рыхтаваўся яго другі палёт зь Іванчэнкавым, ён у праграме, што прыслаць у космас касьмічнай поштай, пазначыў “Начу”. І на арбітальную станцыю “Саюз-6” грузавіком “Прагрэс” гэтая кніжка яму і была дастаўлена. А Іванчэнкаву, дарэчы, даставілі гітару”.

Скобла: “Мне тут прыгадваецца эпіграма вашага равесьніка Рыгора Барадуліна: “В. Зуёнак рыфму чуў зь пялёнак. / І зямляк Зуёнкаў Кавалёнак / лётаў доўга ў космасе, няйначай, / захапіўся Васілёвай “Начай”. А як адрэагавалі на “палёт” вашай кнігі ў космас на зямлі, скажам, беларускія ўлады?”

Зуёнак: “На ўлады, па-мойму, гэты факт аніякага ўзрушэньня не зрабіў”.

Скобла: “Кніга “Нача” не была адразу намінаваная на Дзяржаўную прэмію?”

Зуёнак: “Не, такога ня здарылася. Да Дзяржаўнай прэміі мне яшчэ далекавата было”.

Скобла: “А крытыкі як адрэагавалі?”

Зуёнак: “Ды ніхто, па-мойму, доўгі час і ня ведаў пра касьмічную адысею кнігі. Праўда, пазьней былі водгукі, але проста як канстатацыя факту”.

Скобла: “У вас ёсьць выдатная паэма “Прыцягненьне”, прысьвечаная Ўладзімеру Кавалёнку. А ці давялося вам бліжэй пазнаёміцца з жыцьцём касманаўтаў?”

Зуёнак: “Чаму ж не. Быў я і ў Зорным гарадку, сустракаўся з касманаўтамі, нават некалькі кароткіх гутарак меў з Гагарыным. Што мяне і зьдзівіла, і ўразіла, дык гэта яго натуральнасьць і адкрытасьць. Памятаю, мы стаім на ходніку з Гагарыным і гаворым, а людзі, якія ідуць, бачаць касманаўта і літаральна накідваюцца з пытаньнямі. Дзяўчаты і маладзіцы абдымаюць яго, і ён з усімі гаворыць са сваёй чароўнай усьмешкай. Недарэмна ён быў прызначаны першым касманаўтам”.

Скобла: “Аднак, давайце вернемся да чытача вашых вершаў на ваколземнай арбіце – да Ўладзімера Кавалёнка. Будучы дэпутатам у 1991 годзе, ён унёс у залю Вярхоўнага Савету бел-чырвона-белы сьцяг. Ці таму чалавеку была даручаная гэткая ганаровая місія? Усё ж Кавалёнак нават у Беларусі на той час ня жыў”.

Зуёнак: “Я думаю, што Кавалёнак заслужыў на такую місію. Калі б ён быў адмоўна настроены да тагачасных падзеяў, то ён ня ўзяўся б уносіць бел-чырвона-белы сьцяг. Ён – чалавек цьвёрды, і ён зь беларускай непахіснасьцю верыў у ідэю Беларусі, у яе незалежнасьць, тут я абсалютна перакананы. Народ вельмі Кавалёнка любіў. Я ў гэтым неаднойчы пераконваўся, калі прыяжджаў на Крупшчыну. Думаю, калі б Кавалёнка абралі прэзыдэнтам Беларусі, гэта быў бы выдатны выбар”.

Васіль Зуёнак: “Кавалёнак чытаў беларускія вершы проста ў космасе”Скобла: “А ці былі ў Кавалёнка такія амбіцыі?”

Зуёнак: “Ён пра іх публічна не гаварыў… Але настроі такія ў народзе былі. Я па сваіх земляках ведаю. Калі я прыяжджаў у сваю вёску, то там пра Кавалёнка гаварылі: “Во дзе чалавек, во дзе твар Беларусі!”. Думаю, што беларуская намэнклятура пабачыла тады ў ім сур’ёзнага суперніка і прэтэндэнта, і паціхеньку пачала адхіляць яго ад актыўнай дзейнасьці. А Кавалёнак – выдатны чалавек і беларус. Толькі адзін штрышок дадам. Неяк я атрымаў ад яго фатаграфію з надпісам: “Васілю Зуёнку з борту касьмічнага комплексу са шчырай падзякай за вершы”. І на адвароце – прыпіска: “Я мару, што ў Зялёнай пушчы мы не адзін раз з табой, зямеля, шашлычкі падсмажым”. Мы з Кавалёнкам праблемаў моўных ня мелі, ён часаў па-беларуску ня горш за мяне”.