Фота https://glas.ru

З 1 чэрвеня Успенскі манастыр у Жыровічах і дамы паломнікаў ізноў адчынілі свае дзверы для ўсіх, хто жадае наведаць святыя месцы. Службы ізноў пачалі адбывацца штодня. Такую інфармацыю змясцілі на сайце манастыра.

Пры гэтым, ні на сайце манастыра, ні на сайце Мінскай духоўнай семінарыі нічога не гаворыцца аб адлічэнні пяці студэнтаў, якія падчас каранавіруса былі выключаны з семінарыі.

Інфармацыю аб іх адлічэнні пацвердзіў пратаірэй Сергій Лепін з сінадальнага інфармацыйнага аддзела Беларускай праваслаўнай царквы.

“Мы іх выключылі за неадпаведныя паводзіны падчас карантыну, — адказаў пратаірэй Сергій. — Такая вось афіцыйная інфармацыя і больш я дадаць нічога не магу”.

Патлумачыць “Народнай Волі”, што азначае фармуліроўка “за неадпаведныя паводзіны падчас карантыну” айцец Сергій не змог з прычыны таго, што сам не ведае пра падрабязнасці. Параіў пацікавіцца ў самой семінарыі, хаця папярэдзіў, што адтуль за каментарамі ізноў накіроўваюць да яго. Так і атрымалася.

Яшчэ на мінулым тыдні на сайце “Газеты Слонімскай” быў выкладзены невялікі кліп на музыку сусветна вядомага гурта “ The Beatles” – Yesterday. Як распавялі нам чытачы “Народнай Волі”, семінарысты, знаходзячыся на лячэнні ад каранавіруса ў Слонімскім шпіталі, напісалі тэкст на рускай мове да вядомай мелодыі і выклалі гэта ў інтэрнэт.

А спявалі яны прыкладна аб тым, як іх лечаць у шпіталі і ў тэксце часта паўтаралі словы: “нам не страшны каранавірус – усміхніся”.

Нагадаем, што Мінская духоўная семінарыя і манастыр знаходзіліся ў рэжыме карантыну ад 20 красавіка. У той жа дзень быў шпіталізаваны з пнеўманіяй рэктар семінарыі, архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый.

У Слонімскую цэнтральную раённую бальніцу тады быў дастаўлены 41 чалавек з манастыра і з семінарыі ў Жыровічах. Сярод іх былі і семінарысты, якія няўдала
праспявалі пра сваю долю.