Ілюстрацыйны здымак. Фота: pixabay.com

Кіраўскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі паведаміў 1 чэрвеня на сваім сайце пра ўвядзенне шэрагу абмежаванняў праз «няўстойлівую сітуацыю» з каранавіруснай інфекцыяй, піша Белсат.

Абмежавальныя захады былі прынятыя распараджэннем першага намесніка старшыні Кіраўскага райвыканкаму ад 29 мая. У прыватнасці, прадугледжана абавязковае выкарыстанне насельніцтвам сродкаў індывідуальнай абароны органаў дыхання (маскі) пры наведванні аб’ектаў і арганізацыяў Кіраўскага раёну: гандлёвыя крамы, банкі, паштовыя аддзяленні і іншыя значныя сацыяльныя абʼекты, а таксама пры перамяшчэнні ў грамадскім транспарце і маршрутных таксі.

«Кіраўнікам субʼектаў гаспадарання будзе забаронена абслугоўванне наведнікаў, якія не выкарыстоўваюць сродкі індывідуальнай абароны органаў дыхання (маскі)», – адзначаюць у мясцовым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі.

Таксама ўведзена абмежаванне на колькасць наведнікаў у гандлёвых абʼектах, абʼектах грамадскага харчавання, аптэках, аддзяленнях банкаў, сувязі, пошты і іншых абʼектах з улікам неабходнасці выканання захадаў сацыяльнага дыстанцыянавання.

Кіраўскі цэнтр гігіены і эпідэямілогіі канстатуе наяўнасць «эпідэміялагічна няўстойлівай сітуацыі па каранавіруснай інфекцыі» і заклікае скараціць кантакты і перамяшчэння, а таксама насіць маскі.

Паводле Міністэрства аховы здароўя, у Беларусі на 2 чэрвеня зарэгістравана 44255 выпадкі каронавіруса. 243 пацыента з COVID-19 памерлі. Статыстыку па рэгіёнах Мінздароўя ўжо даўно не публікуе.