Ілюстрацыйнае фота

Гісторыю беларуса, якога жыццё змусіла шукаць працу ў суседняй Польшчы, «Народная Воля» вырашыла распавесці дзеля таго, каб тыя з нашых чытачоў, хто выязджае за мяжу на заробкі, памяталі, што лепш гэта рабіць афіцыйна, праз законныя фірмы, а не самастойна шукаць сабе непатрэбных прыгод.

«Нічога не заставалася, як ехаць і шукаць працу…»

Сяргею Рэмезаву яшчэ няма і пяцідзесяці гадоў. Ён, што называецца, у самым
росквіце сіл. У яго сям’я, дзве дачкі-старшакласніцы і маці, якая пастаянна патрабуе лячэння.

Амаль 20 гадоў Сяргей працаваў на рынку – дробны гандаль. Формула простая: цягаў з Масквы кітайскі тавар і прадаваў у Гродна. За гэта жыў, вучыў сваіх дзяўчынак, лячыў маці, нават ездзіў з жонкай на мора ў адпачынак.

Але вось ужо некалькі гадоў, як грошай у сям’і не стае нават на самае патрэбнае. Гандаль практычна спыніўся, беларускі эканамічны псеўдацуд у адзін момант рассыпаўся, і застаўся толькі заробак жонкі – 350 рублёў. Яшчэ меншая пенсія ў маці, а працы, каб зарабіць на сям’ю, няма. Да таго ж усе жывуць у адной двухпакаёвай кватэры.

«Мы цяпер з жонкай глядзім, каб хаця б у дачок усё было, – распавядае мужчына. – Сабе новых рэчаў не купляем, бо няма за што. А маці лекі бярэ толькі самыя танныя і беларускай вытворчасці…»

Пасядзелі Сяргей з жонкай увечары на кухні за гарбаткай і вырашылі, што гаспадар павінен ехаць у Польшчу на заробкі. Гісторыя бярэ пачатак за некалькі месяцаў да прыходу пандэміі каранавіруса.

Фірму знайшоў сам, але…

У Гродне паслаць чалавека на працу ў Польшчу ўжо даўно не праблема. Прапановы ад легальных фірмаў на кожным інтэрнэт-партале і ў эфіры мясцовага радыё. Праз адну з такіх наш герой і выехаў.

У Польшчы давялося пацвердзіць свае правы на кіраванне «цірам». На гэта пайшло пяць дзён у аўташколе і тысяча злотых (каля 500 рублёў). Там жа адразу прапанавалі і фірму для ўладкавання на працу. Але, як кажуць, не зраслося.

«Гаспадар, калі пачуў, што ў мяне няма вопыту паездак па Еўропе, прапанаваў тры тысячы злотых за месяц (каля паўтары тысячы рублёў), – згадвае Сяргей. – Я адмовіўся адразу, паколькі за гэтыя ж грошы трэба было і харчавацца, і плаціць за жыллё».

Той спрабаваў пераканаць: маўляў, у нас новыя машыны Volvo, Mersedes, – але Сяргей адмовіўся, патлумачыўшы: ён прыехаў у Польшчу зарабляць грошы, а не проста катацца па Еўропе.

Фірму знайшоў сам праз інтэрнэт у Мінску Мазавецкім. Чэсна сказаў, што вопыту паездак па Еўропе не мае, але прадстаўніка фірмы гэта не засмуціла, і ён прапанаваў прыехаць. Аказалася, што некалькі гадоў таму ў гэтай кампаніі працаваў знаёмы, які параіў быць пільным з гаспадарамі: маўляў, фірма не вельмі, для пачатку можна папрацаваць, але за грашыма давядзецца пабегаць.

Дакументы ў Сяргея прынялі, але, калі ён прыехаў, аказалася, што працы ў гэты момант няма. Прапанавалі бясплатнае жыллё – у бараку з клапамі, адной прыбіральняй і адным душам на 16 чалавек. Паколькі ўсіх без выключэння кусалі клапы, то кіроўцы начавалі ў сваіх машынах, а вось у душ і прыбіральню
вярталіся ў барак. Сярод іх пераважалі ўкраінцы. Беларусы былі, але пасыходзілі.

«У падобных умовах не жыў ніколі, але паколькі грошай за гэта не бралі, а жыць трэба было за свае, то моўчкі гатаваў на маленькай кухні абед і слухаў аповеды ўкраінцаў пра тое, як іх тут эксплуатуюць», – згадвае мой суразмоўца.

Ужо ў тым бараку Сяргей зразумеў, што лёгкіх заробкаў тут не будзе, але ў Беларусі іх наогул быць не можа, а таму трэба чакаць. Праз тыдзень адміністрацыя прапанавала паездку, але толькі ў якасці стажора.

«Паездка была на два месяцы. Аднак самае галоўнае, што яны былі згодны браць мяне ў якасці стажора без заключэння дамовы на працу, а гэта значыць, без усякіх абавязацельстваў з іх боку, – канстатуе Сяргей. – Вусна сказалі, што ў дзень будуць плаціць па 20 еўра. Я быў у такой сітуацыі не першы і не апошні – усё разумеў, а таму
пагадзіўся».

«Лягчэй сказаць, дзе за два месяцы не пабываў у Еўропе»

Еўропа ўражвала Сяргея сваёй прыгажосцю, выдатнай інфраструктурай і цёплым стаўленнем людзей. І нават маўклівы напарнік з украінскага Івана-Франкоўска, які мог падтрымаць размову толькі пасля таго, як падсілкуецца, ні кроплі не псаваў уражання.

«Насамрэч лягчэй сказаць, дзе я не пабываў у Еўропе за гэтыя два месяцы, – кажа
Сяргей. – Не ўдалося толькі перасячы Ла-Манш, бо ў Вялікабрытанію патрэбна віза. Іспанія, Партугалія, Францыя, Італія… Нават з кабіны «ціра» назаўсёды засталіся непаўторныя ўражанні!»

Акрамя таго, Сяргей зразумеў, што праца дальнабойшчыка і ў Еўропе не з лёгкіх. Асабліва, калі псуецца старая машына, а начальнік з польскага гаража крычыць у тэлефонную слухаўку, што накладзе штраф за паломку.

«Фільтры не заменены, машына бярэ больш паліва, а паляк крычаць з гаража, што
за перарасход будзе плаціць кіроўца, – успамінае мой суразмоўца. – Яшчэ перад выездам прапанавалі надзець магніт на тахограф, каб менш адпачывалі, а ехалі і ўначы, але я адразу адмовіўся гэта рабіць».

Не вельмі весела, кажа Сяргей, калі на стаянцы для «ціраў» кіроўцы з заходніх краін ідуць абедаць у кавярню, а ты пачынаеш на плітцы варыць што-небудзь кшталту пельменяў, бо грошай на абед папросту няма.

«Дарэчы, звычайны абед у еўрапейскай кавярні каштуе да 15 еўра, а мне за цэлы дзень абяцалі 20. І нават тыя 50, якія абяцалі ўкраінскаму кіроўцу, – гэта не так і шмат, каб адкласці і завезці заробак дадому».

Аднак, нягледзячы на ўсе складанасці працы, на тое, што амаль два месяцы не быў у душы, не бачыў блізкіх, недаядаў і недасыпаў, набыў досвед, якога не было. А гэта дарагога каштуе.

Шанец даюць усім, але грошы плацяць не заўсёды

Пасля вяртання назад у Мінск Мазавецкі Сяргей з калегам прыйшлі ў адміністрацыю за заробкам. Але ім сказалі, што грошай няма, давядзецца чакаць. Праз дзень, праз тры і праз тыдзень усё паўтаралася. Даводзілася надалей карміць клапоў у бараку.

«Яны матывавалі тым, што грошай няма, бо выплачваюць крэдыты за машыны, аддалі на паліва і рамонт, – пераказвае Сяргей аргументы працадаўцаў. – Начальнік нікога з кіроўцаў да сябе не дапускаў, тады я пачаў хадзіць кожны дзень да адміністратара і патрабаваць заробак».

Грашовая палітыка фірмы, са слоў Сяргея, палягала ў тым, што заробак атрымліваюць
кіроўцы, якія едуць у рэйс, а не дадому. Тым не менш Сяргею за два месяцы выплацілі 3 тысячы злотых, астатнія 1200 абяцалі пазней, але ён кажа, што больш туды не вернецца.

Яго напарнік з Украіны адправіўся ў наступны рэйс, так і не атрымаўшы заробак за папярэдні.

«Гэта ўсё бессэнсоўна, бо мы там бяспраўныя, з такімі, як я, яны нават дамову на працу не заключаюць, а таму як ты з іх будзеш нешта патрабаваць?» – задае рытарычнае пытанне гродзенец.

І тут жа дадае, што, з іншага боку, у Польшчы мала якія фірмы бяруць кіроўцаў без вопыту працы ў Еўропе. А тут, маўляў, прымаюць нават тых, каму і за 60 гадоў, і тых, хто першы раз сядае за руль «ціра».

«Шанец даюць усім, але грошы плацяць не заўсёды, – смяецца мой суразмоўца. – Усе гэта разумеюць, спадзяюцца на чалавечнасць гаспадароў, але многія сыходзяць, так і не атрымаўшы ніякага заробку за сваю працу».

Паводле слоў Сяргея, на фірме, дзе ён працаваў, усяго сто з невялікім машын, а за год там змянілася больш за 200 кіроўцаў. Можна толькі ўявіць, якія грошы зарабіла фірма на недаплатах наёмным работнікам.

Пасля эпідэміі паеду на працу ў Польшчу

Неяк у Францыі на стаянцы да іх падбег кіроўца фуры на галандскіх нумарах і павітаўся па-польску. Калі разгаварыліся, абрадаваўся, што Сяргей з Гродна, – размаўляў, як з земляком. Ён і распавёў, што ў галандскай фірме зарабляе прыкладна чатыры з паловай тысячы еўра ў месяц. І гэтыя словы заселі ў галаве гродзенца блакітнай марай.

Нягледзячы на тое, што Сяргею давялося перажыць у адносінах з польскімі
працадаўцамі, ён кажа, што пасля эпідэміі ўсё роўна паедзе туды на працу.

«У Польшчы шмат сапраўдных фірмаў, дзе не падманваюць, я ўжо маю кантакты з беларусамі, якія ў такіх працуюць, – кажа ён. – Праўда, трэба быць моцным прафесіяналам і ведаць яшчэ пару замежных моў».

Яму вельмі хочацца ездзіць па Еўропе, працаваць з еўрапейцамі. Ён адчуў, што гэта яго праца, проста вельмі важна патрапіць у прыстойную фірму.

P.S. Па просьбе героя яго імя і прозвішча зменены.

***

Газета «Народная Воля» № 41 (4499)