Яго творчая дарога пачыналася пад шчаслівай зоркай – у легендарных «Песнярах», куды трапіў па запрашэнні самога Уладзіміра Мулявіна. А прадаўжаецца ў «Беларускіх песнярах», для якіх ён піша песні, робіць аранжыроўкі, у складзе якіх выходзіць на сцэну. Гэты калектыў, відаць, і варта лічыць найбольш годным пераемнікам тых непаўторных «Песняроў», якія з’явіліся на свет 50 гадоў таму.
Пра «пяснярскае» мінулае і сённяшняе мы пагутарылі з кампазітарам і спеваком Аляксандрам КАЦІКАВЫМ.

– Аляксандр, дзякуй вам за тое, што пішаце песні на вершы сапраўдных паэтаў. На жаль, для большасці сучасных кампазітараў класіка гучыць неактуальна. Мяркуючы па вашых новых песнях на вершы Максіма Багдановіча і Адама Міцкевіча, вы так не лічыце.

– Ёсць рэчы, якія не старэюць, – у музыцы, жывапісе, літаратуры. Як сёння могуць быць неактуальнымі творы Міцкевіча, яго сябра Пушкіна ці нашых Купалы і Багдановіча? А байкі Крылова і Кандрата Крапівы хіба згубілі свой сэнс? Згадайма: «другі баран ні «бэ», ні «мя», а любіць гучнае імя…». Мэта любога мастацтва – раскрыць і выявіць пачуцці, а яны і сто, і пяцьсот, і тысячу гадоў застаюцца аднолькавымі. Іншая справа, што гэтыя пачуцці трэба данесці да гледача сучаснай мовай.

– А як вы ставіцеся да той песеннай прадукцыі, якая гучыць штодня ў радыё- і тэлеэфіры?

– Часта з’яўляюцца песенькі з пашлаватымі тэкстамі, з няправільным націскам у словах, а то і з непрыхаваным матам. Тая ж сітуацыя ў тэатры і кіно. Мае песні, напэўна, адрозніваюцца на агульным фоне.

– Вы напісалі цэлы песенны альбом «Жывем!» на вершы Ларысы Геніюш. Ва ўсе часы яна была апальнай, і сёння, дарэчы, таксама. Як вы прыйшлі да яе творчасці?

– Месца Ларысы Геніюш у гісторыі Беларусі ўжо вызначана. Сэнс напісаных ёю вершаў не падлягае сумненню, настолькі яны правільныя і патрыятычныя. Менавіта таму мне было лёгка пісаць на іх музыку. Помню, з якім натхненнем гэтыя песні выконвалі Уладзімір Георгіевіч Мулявін, Валерый Дайнека, Ігар Пеня і Алег Аверын. Я не літаратуразнаўца, але стаўлю творчасць Геніюш поруч з творчасцю Купалы, Коласа і Багдановіча. А яе кніга «Ад родных ніў» трапіла мне ў рукі чыста выпадкова. Хоць нездарма кажуць, што нічога выпадковага ў свеце не бывае.

– Нядаўна Анатоль Ярмоленка запісаў песню пра тое, як ён стаміўся хадзіць па струнцы і выконваць чыесьці капрызы. А вы дзеля нейкага кампрамісу гатовы, вобразна кажучы, наступіць на горла ўласнай песні? Скажам, напісаць агітку накшталт «Товариш президент», як ваш калега Эдуард Ханок?

– Не люблю абмяркоўваць учынкі калег, але ведаю, што многія творцы «ўпрыгожылі» сваю творчую біяграфію падобнымі творамі…

Поўны тэкст гутаркі Міхася Скоблы з Аляксандрам Кацікавым чытайце ў газеце «Народная Воля» за 2 чэрвеня