Гродна, 29 мая. Фота: svaboda.org

Мужчынам у скураной куртцы, які падчас патасоўкі ў Горадні 29 траўня паклаў на зямлю міліцыянта, аказаўся горадзенскім актывістам.

Ён расказаў Свабодзе, што адбылося падчас пікету, дзе праходзіў збор подпісаў за патэнцыйную кандыдатку ў прэзыдэнты Сьвятлану Ціханоўскую. Менавіта ў выніку гэтай мітусьні падчас збору подпісаў затрымалі блогера Сяргея Ціханоўскага. Гэтаму папярэднічалі агрэсіўныя паводзіны невядомай жанчыны, якая хапала Ціханоўскага за вопратку.

«Па законе яны [міліцыянты] павінныя былі адцясьніць гэтую жанчыну-правакатара, але яны чамусьці пачалі хапаць Сяргея за рукі. Мы спрабавалі іх адцясьніць ад Сяргея», — расказвае мужчына пра момант перад тым, як здарылася патасоўка на плошчы, і Ціханоўскага затрымалі.

Актывіст пацьвердзіў, што ён акуратна паклаў міліцыянта на зямлю.

«Ён проста на мяне ўпаў, а я яго ўжо падхапіў адпаведна, каб ня даць чалавеку ўдарыцца аб нешта», — патлумачыў гарадзенец.

— Ці я правільна разумею, што міліцыянт сам упаў на вас?

— Так, вы правільна зразумелі. Калі ён падаў на мяне, я проста яго падхапіў. Ніякай бойкі там насамрэч не было, — адказаў мужчына.

Ён адсядзеў у траўні некалькі сутак за ўдзел у сустрэчы з блогерам Сяргеем Ціханоўскім у Горадні 26 красавіка. Пасьля выхаду на волю пасьля арышту ён паведаміў Свабодзе, што будзе надалей спрабаваць змагацца з уладай і з сыстэмай.