Сяргей Ціханоўскі на пікеце ў Гродне размаўляе со сваёй прыхільніцай. Фота з адкрытых крыніц

Са спасылкай на Святлану Ціханоўскую з’явіліся звесткі, што восем чалавек,  затрыманых міліцыяй напярэдадні ў Гродне на пікеце па збору подпісаў за вылучэнне яе кандыдатам у прэзідэнты Беларусі, даставілі ў Мінск.

Сярод іх – яе муж, вядомы блогер Сяргей Ціханоўскі. Яшчэ трое затрыманых былі апытаныя ў якасці сведак і адпушчаны з міліцыі.

Як паведаміла прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава, узбуджана крымінальная справа па факце гвалтоўных дзеянняў у адносінах да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Але пакуль невядома, хто з пацярпелых міліцыянераў фігуруе ў гэтай справе.

Як паведамляе Hrodna.life, супрацоўніка міліцыі, які пацярпеў каля пікета ў падтрымку Святланы Ціханоўскай на Савецкай плошчы ў Гродне 29 траўня, даставілі ў абласную бальніцу хуткай дапамогі. У міліцыянера канстатавалі ўдар пярэдняй брушной сценкі, але яго не шпіталізавалі.

Нібыта па дапамогу да медыкаў звяртаўся яшчэ адзін супрацоўнік міліцыі. Ён прыйшоў у цывільным адзенні, але ніякіх цялесных пашкоджанняў у яго выяўлена не было.

Святлана Ціханоўская разглядае тое, што адбылося ў Гродне з кіраўніком яе ініцыятыўнай групы Сяргеем Ціханоўскім, як брудную правакацыю. Яна патрабуе яго вызвалення і канстатуе, што накіруе адпаведныя заявы ў ЦВК і МУС, бо лічыць затрыманне яе мужа парушэннем яе канстытуцыйных правоў і ціскам на прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. На гэты конт яна апублікавала ў інтэрнэце адпаведную заяву.