Сяргей Ціханоўскі і Аляксандр Лукашэнка. Калаж svaboda.org

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка 29 мая падчас размовы з работнікамі МТЗ згадаў сваіх патэнцыйных супернікаў на прэзыдэнцкіх выбарах, у тым ліку пра Сяргея Ціханоўскага. Праз 4 гадзіны пасьля гэтага блогера затрымалі ў Гродна.

Лукашэнка не назваў імя Сяргея Ціханоўскага, які езьдзіць па краіне з пікетамі па зборы подпісаў за сваю жонку Сьвятлану і трансьлюе сустрэчы зь людзьмі на сваім YouTube-канале «Страна для жизни». Але з кантэксту стала відавочна, што меў на ўвазе менавіта яго.

«Мужыкі там кіпіш паднялі, дзесьці хтосьці ходзіць, крычыць. Нядаўна мне прэс-сакратар далажыла: міліцыянта абразіў (удзельнік пікету. — заўвага president.gov.by.), калі яму зрабіў заўвагу. Яны прыяжджаюць крутыя, на джыпах усё — па 10-12 машын. У чужы горад прыехалі, выстраіліся і пайшлі па плошчах, вуліцах… », — сказаў Лукашэнка. — «На гэтага пацанёнка (супрацоўніка міліцыі. — заўвага president.gov.by.) наваліліся. Ён, напэўна, толькі ў гэтым годзе прыйшоў на працу, чыёсьці ж дзіця. Што ты на яго накатваеш. І потым, рызыкоўныя людзі, я б на іх месцы з міліцыяй акуратней быў. Гэта ж карпаратыўны народ. Знойдзе магчымасьць, дык адкажа. Мне ўжо нялёгка прыходзіцца, стрымліваючы іх. Нарываюцца. Правакацыя — гэта найлепшая рэкляма. Яны гэта так разумеюць».

Пра канфліктныя выпадкі з удзелам міліцыі падчас выбарчых пікетаў ніводнага з кандыдатаў раней не было вядома, інфармуе Радыё Свабода.

«На міліцыянта наваліліся. Правакацыя...». Што Лукашэнка сказаў за 4 гадзіны да затрымання Ціханоўскага ў Гродна (відэа)
Сяргей Ціханоўскі ў Горадні перад затрыманьнем

Праз чатыры гадзіны пасьля заявы Лукашэнкі, каля 20.00, Сяргея ЦІханоўскага затрымалі супрацоўнікі спэцназу падчас перадвыбарчага пікету ў Горадні. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.

Гэта адбылося пасьля таго, як невядомыя жанчыны, якіх сьведкі называлі правакатаркамі, кідаліся на блогера і спрабавалі трымаць яго за вопратку. Яны патрабавалі, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сыйсьці ад жанчын, які хапалі яго за вопратку. Пасьля гэтага зьявілася міліцыя.

У Твітар-акаўнце «Краіны для жыцьця» Сяргея Ціханоўскага зьявілася відэа, на якім бачна, як невядомы мужчына ў скураной куртцы, падчас мітусьні на пікеце ў Горадні, дапамагае легчы на зямлю маладому мужчыну ў міліцэйскай форме.

Літаральна праз 30 сэкундаў прыбеглі АМАПаўцы і пачалі хапаць Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся ў некалькіх мэтрах ад эпіцэнтру.

Паводле інфармацыі УУС Горадзенскага аблвыканкама, усяго затрымалі 10 чалавек.