Ілюстрацыйны здымак аўтара

У Гродзенскай вобласці ад пандэміі пацярпелі ўсе галіны гаспадаркі, але найбольш, паводле афіцыйных звестак, дасталося пасажырскім перавозкам. “Народная Воля” пацікавілася, ў якім стане зараз знаходзяцца фірмы, якія прапаноўваюць гэтыя паслугі.

Згодна з дадзенымі Белстата, з пачатку года да красавіка ў Гродне і вобласці пасажырскія перавозкі знізіліся на на 10,1%, а непасрэдна ў красавіку ўжо на 24,6% у гадавым вылічэнні.

“Страх у галаве…”

Гродзенская фірма міжнародных перавозак ”АўтаУдача” добра вядомая жыхарам горада над Нёманам сваімі камфартабельнымі аўтобусамі, якія штотыдзень курсуюць на маскоўскія рынкі, не працуе ўжо з 19 сакавіка. Яе дырэктарка Аксана Веліксар сумна заўважае, што ўсе 15 работнікаў ужо больш двух месяцаў знаходзяцца ў вымушаным адпачынку.

“Ня тое, што ў Маскву і ў заходнія краіны заказаў няма, нават па Беларусі ніхто не хоча падарожнічаць, — канстатуе Веліксар. – У нас усе аўтобусы былі забраніраваныя на красавік, май, але ўсе паадмаўляліся. Якія бацькі цяпер пусцяць сваіх дзяцей на экскурсіі. Ды і дарослыя нікуды не ездзяць”.

Як з гэтым жыць? Аксана Сцяпанаўна разводзіць рукамі, кажа што пакуль аплаты за арэнду офіса і іншых памяшканняў фірме адтэрмінавалі да 1 ліпеня, знізілі на 20% арэнду памяшкання, бухгалтарская фірма, якая іх абслугоўвае, панізіла кошт сваіх паслуг на 50%, а фірма, дзе яны паркуюць свае аўтобусы — ні на якія саступкі не пайшла.

“Найцяжэй тое, што людзі сядзяць без заробка, — кажа Веліксар. – Спрабуюць недзе на гэты час шукаць месца, каб падзарабіць, але гэта вельмі складана. Страх у галаве і ўвесь час стан турботы”.

Паводле суразмоўцы, складанасці яшчэ і ў тым, што ўсе знаходзяцца ў поўным няведанні, калі гэта ўсё скончыцца. А да ўсяго, сітуацыя ў Беларусі напружвае, паколькі ў інтэрнэце шмат інфармацыі аб тым, што пандэмія ў нашай краіне пакуль не збіраецца здаваць свае пазіцыі.

“Праядаем старыя запасы”

Кіраўнік смаргонскай фірмы пасажырскіх перавозчыкаў “Град І” Ігар Град кажа, што фірма не працуе ўжо на працягу трох месяцаў. Мікрааўтобусы фірмы абслугоўвалі кліентаў для перавозак за граніцу, па Беларусі, папулярнасцю карысталіся маршруты ў Нацыянальны аэрапорт, але зараз граніцы зачыненыя, у аэрапорт і па Беларусі ніхто не ездзіць.

“Мы вазілі і вяселлі, але зараз і вяселляў ніхто не робіць», — са скрухай у голасе дадае Ігар Валянцінавіч.

Кіраўнік фірмы кажа, што чуў па тэлевізары нібыта Лукашэнка абяцаў падтрымку бізнесу, але насамрэч ніякай падтрымкі для іх няма ад уладаў.

“Жывём пакуль на старых запасах, праядаем іх, — кажа Град. – Давялося нават адну машыну прадаць… Насамрэч, у нас усё вельмі дрэнна, толькі каму і што пра гэта казаць…”.

Калі такая сітуацыя працягнецца яшчэ на працягу двух месяцаў, то, паводле майго суразмоўцы, яго фірма не здолее больш існаваць і машыны давядзецца прадаць.

“Расходы на ўтрыманне машын, нават калі яны не працуюць, вялікія, — канстатуе Ігар Валянцінавіч. – Ды і сям’ю трэба за нешта ўтрымоўваць”.

“Работа, як бы ёсць, але…”

У лідскай фірме пасажырскіх перавозак “ПрэВіт” дырэктар Леон Пшэпляска адразу кажа, што на працягу некалькіх месяцаў не маюць ніякіх заказаў ні па Беларусі, ні за яе межы. Іх ратуе тое, што па гораду іх машыны курсуюць у якасці маршрутак.

“Праўда, і на гарадскіх маршрутках выручка знізілася недзе на 40%, — удакладняе Леон Юзэфавіч. – Пасажыраў стала менш. Мы паскарачалі рэйсы. Нашы кіроўцы працуюць па 8-10 дзён на тыдзень”.

А да ўсяго з’явіліся новыя расходнікі: на дэзінфікуючыя матэрыялы, маскі для кіроўцаў, кожны дзень трэба вымываць машыны.

Кіраўнік фірмы кажа, што спадзявацца ў гэтай сітуацыі даводзіцца толькі на саміх сябе. У штаце 30 кіроўцаў, у ва ўсіх знізіліся заробкі. Людзі ў калектыве, паводле яго, таксама гэта разумеюць, праўда, лягчэй не становіцца.

“Работа ў нас, як бы ёсць, але толку ад гэтага мала, — кажа Леон Юзэфавіч. – У пасажырскіх перавозках лета заўсёды прыносіла менш даходаў, а тут і зімой непрадбачаныя праблемы. Вось і заціскаем гэтую капейчыну мацней, каб хоць некуды ў патрэбны момант выехаць”.

Са слоў кіраўніка фірмы, пакуль спраўляюцца толькі таму, што былі нейкія рэзервы, але яны, як відаць, хутка трацяцца і цяпер не папаўняюцца.

“Самае галоўнае, што ў нас усе здаровыя, а з гэтай сітуацыі выберамся”, — дадае Леон Пшэпляска.

“Нашы справы – проста ніяк..”

Навагрудская фірма “Сільвертур”, са слоў яе кіраўніка Аляксандра Ігнатковіча, была нацэлена на турыстычныя перавозкі. Але паколькі падчас пандэміі ня стала турызма, то ня стала і турыстычных перавозак.

“У нас справы вельмі дрэнныя, — кажа Аляксандр. – А калі больш дакладна, то — проста ніяк”.

У фірме восем турыстычных аўтобусаў і ўсе яны з сакавіка стаяць на прыколе. Вадзіцелі і абслугоўваючы персанал ужо нават часткова звальняюцца ў пошуках іншай працы.

“У фірмы, незалежна ад таго, працуе яна ці не, штомесяц шмат аплат, — гаворыць кіраўнік. – Утрыманне офіса, майстэрняў, камунальныя, банкаўскія і яшчэ крэдыты…”.

Ёсць дамоўленасць з банкамі на адтэрміноўку аплат на тры месяцы, але час ідзе, а працы няма. Спрабавалі звярнуцца за дапамогай у аблвыканкам, пісалі туды ліст, але ніякіх адказаў няма.

“Зрэшты, хто нам дапаможа і за што, чым мы такія добрыя, — сумна ўсміхаецца кіраўнік фірмы. – Ніхто і ніколі нам нічога не даваў і зараз не дадуць. Падумаеш фірма, дзе толькі 30 чалавек працуе…”. Аляксандр кажа, што вельмі шкада губляць сваіх кіроўцаў, якія вымушаныя адыходзіць з фірмы. Паводле яго, усе яны маюць вопыт працы ў еўрапейскіх сталіцах з турыстамі. А не кожны адразу зможа вазіць экскурсію па Празе, ведаць дзе там спыніцца, развярнуцца і г.д.

“Яны і самі ўсе хочуць працаваць у гэтай сферы, — дадае Аляксандр. – Толькі вось сем’і карміць трэба і сёння ўсім”.

Кіраўнік фірмы распавядае, што спрабавалі прапаноўваць паслугі аўтасэрвіса, але кліентаў няма. А таму, са слоў Аляксандра, працягнуць у такіх умовах больш месяца яны не змогуць.

“Спадзяванне толькі на тое, што пандэмія адступіць, адкрыюць граніцы і з’явяцца заказы”, — з няўпэўненасцю ў голасе кажа суразмоўца.