Сяргей Чэрачань. Фота аўтара.

Сярод чатырнаццаці намінальных вылучэнцаў на ўдзел у сёлетніх прэзідэнцкіх выбарах значыцца імя старшыні партыі «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада», бізнесоўца Сяргея Чэрачня. Ён самы малады ў трохмесячным забегу на вышэйшы пост у дзяржаве. Сяргей толькі 8 мая перакрочыў ўзроставы цэнз для прэзідэнта – 35 гадоў. Родам ён з Магілёўшчыны. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, дзе засвойваў шматканальныя сістэмы тэлекамунікацый.

У 2016 годзе Чэрачань вылучаўся кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад праўладнай Камуністычнай партыі Беларусі. Праз год выйшаў з КПБ па ўласным жаданні. Уступіў у БСДГ.

Сваю перадвыбарчую кампанію вылучэнец сацыял-дэмакратаў распачаў пад айдэнтыкай «ЧЭ», праўдападобна, на манер Уладзіміра Зяленскага з Украіны і яго каманды «ЗЕ». Дый лацінаамерыканскі люты рэвалюцыянер Эрнэста Чэ Гевара выразна згадваецца ў вобразе абрэвіятуры «ЧЭ».

На пікеце, які зладзіў Сяргей Чэрачань у Гомелі, выставілі яго партрэт з надпісам на рускай мове: «Время перемен! Время ЧЕ!».

Тры "ЧЭ" Сяргея Чэрачня
Пікет у Гомелі. Фота аўтара.

Цікаўлюся ў самога прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта, чаму ён і яго каманда выкарыстоўваюць слоган «Час Чэ» – гэта ж з вайсковай тэрміналогіі як вызначэнне часу дзеянняў?

– Мы калабаравалі тры прынцыпы, – кажа Сяргей. – Гэта Чэ Гевара, Зеленскі і вайсковы тэрмін.

– Вы служылі ў войску?

– Не.

– Як жа вы будзеце галоўнакамандуючым узброеных сіл нашай краіны, калі не служылі? Прэзідэнт – гэта ж яшчэ і галоўнакамандуючы.

– Немагчыма быць чалавекам, які ведае ўсё. Прэзідэнцкая каманда – гэта вялікі пул спецыялістаў, дарадцаў, людзей, якія будуць ачольваць розныя напрамкі. Мы ж ідзем не ваяваць, а адбудоўваць краіну. Найперш – «сацыялку» і эканоміку.

– Добра, а дзе ўзяць грошы, каб напаўняць бюджэт і вырашаць сацыяльныя праблемы?

–Трэба перазапусціць нашу эканоміку, пераразмеркаваць долі прысутнасці ў ёй прыватнага і дзяржаўнага сектарау. Як мінімум, 50 на 50. Трэба падтрымаць малы і сярэдні бізнес і стварыць умовы для яго развіцця. Тады і будзе ў нас напаўняльнасць бюджэту і грошы на «сацыялку».

– Цяперашні рэжым Лукашэнкі апіраўся на падтрымку нацыянальнай эканомікі ўсходняй суседкай. А вы на што збіраецеся абапірацца?

–Так, абапіраўся. І да чаго гэта прывяло?.. Мы ж збіраемся зарабляць самі, ствараць умовы, каб наш звычайны чалавек мог сябе рэалізаваць і сам зарабіць. Калі не навучымся зарабляць грошы, праз пяць гадоў будзем дакладна ў складзе Расіі. Ні для мяне, ні для маёй каманды гэта непрыймальна, – заяўляе Сяргей Чэрачань.

– Чаму выбаршчыкі, і я ў іх ліку, павінны вам паверыць?

– Мы ездзім па краіне, каб людзі ўбачылі і зразумелі, што сабою ўяўляе наша каманда. Зараз патрэбны рэальны крок да пераменаў. У краіне ўжо ёсць чалавек, якому нашы беларусы вераць дваццаць пяць гадоў. Шмат чаго абяцана. Я б сказаў, што абяцана ўсё, што толькі можна было абяцаць. Ужо нават няма чаго абяцаць. Трэба ўжо даць магчымасць іншай камандзе ўзначаліць перамены. На пяць гадоў. Праколемся хоць дзе-небудзь – далоў. Калі будзе палітычная канкурэнцыя, будуць і зрухі. Кожны будзе, прабачаюся, рваць адно месца, каб перамены былі адчувальнымі, нагляднымі. Іначай другі раз за яго не прагаласуюць.

– Скажыце, Сяргей, як вы ацэньваеце актыўнасць выбаршчыкаў у рэгіёнах – ці падпісваюцца за вас?

– Мы толькі пачынаем. У людзей ёсць цікавасць і патрэба да перамен. Мы акурат і дэкларуем: «Время перемен! Время ЧЕ!». А перамен жадаюць 95 адсоткаў гарамадзян Беларусі. Мы гэта бачым і на гэта працуем.

– А чаму на мае пытанні вы не адказваеце па-беларуску?

– Я ўсё жыццё размаўляў на рускай мове. Каб нашы грамадзяне сталі размаўляць па-беларуску, неабходна дзяржаўная праграма. Патрэбна папулярызацыя мовы.