
Сотні гараджан прыйшлі сёння ў Гомелі а 17-й гадзіне на пляцоўку каля цырка, каб падпісацца за вылучэнне Святланы Ціханоўскай кандыдатам на прэзідэнта. Але па сутнасці, яны падпісваліся за яе мужа, Сяргея Ціханоўскага, групу якога Цэнтрвыбаркам не зарэгістраваў з прычыны адсутнасці на дакументах асабістага подпісу. Менавіта з Ціханоўскім людзі звязваюць надзеі на перамены.
– Ён хоць штосьці робіць, каб перамены адбыліся, каб улада ў Беларусі змянілася, – тлумачыць журналісту “Народнай Волі” сваё стаянне ў чарзе гамяльчук сярэдніх гадоў.
Чатыры доўгія калоны гараджан выцягнуліся ад фантана, дзе стаялі столікі з падпіснымі лістамі, да вуліцы Пушкіна. Гамельчукі стаялі ў чарзе па дзве і болей гадзіны. Сяргей Ціханоўскі паведаміў, што на пікетах сабрана ўжо звыш 10 тысяч подпісаў. Выказаў спадзяванне, што рубеж у 100 тысяч подпісаў будзе пераадолены.
Пытаюся ў Ціханоўскага, калі нечакана яго жонка на выбарах пераможа і стане прэзідэнтам, то якую пасаду зойме ён, Сяргей.
– Пасаду джэнтэльмена, – жартам адказвае Ціханоўскі.
У гэты ж самы час каля ўнівермага ладзіў пікет прадстаўнік сацыял- дэмакратаў, прадпрымальнік Сяргей Чэрачэнь, які ўключыўся у прэзідэнцкую гонку пад абравіятурай “Чэ”. Да яго пікета зрэдку падыходзілі мінакі.

Абвешчана, што ў выхадныя дні ў Гомелі маюць распачаць збор подпісаў ініцыятыўныя групы Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы.
Поделиться ссылкой:
Падтрымаць «Народную Волю»
Добавляйте издание «Народная Воля» в избранное на Яндекс-Новости!