Уладзімір Шантаровіч. Фота: TUT.BY

Галоўны трэнер зборнай Беларусі па веславанні на байдарках і каноэ распавёў «Народнай Волі» пра тое, чаму «сёння не варта апускаць рукі».

Чатыры гады таму падначаленыя Уладзіміра Шантаровіча на Алімпіяду не патрапілі, і гісторыя была, мякка кажучы, непрыгожая.

Вясной 2016 года пры падрыхтоўцы да Гульняў у Рыа-дэ-Жанейра зборная Беларусі паехала на трэніровачны збор у Францыю. Далей падзеі разгортваліся, як у дрэнным кіно: падазрэнні ў захоўванні і ўжыванні забароненых прэпаратаў, жорсткі вобшук…

У выніку Міжнародная федэрацыя каноэ дыскваліфікавала нашу нацыянальную каманду на год. Адпаведна, на Гульні зборная не паехала, хаця мела рэальныя шанцы на некалькі медалёў. У тым ліку і залатых.

А ў студзені 2017 года Міжнародны арбітражны спартыўны суд у Лазане цалкам апраўдаў зборную Беларусі і зняў з яе дыскваліфікацыю. Аднак, як кажуць, цягнік ужо сышоў.

Галоўны трэнер беларускай каманды Уладзімір Шантаровіч не хаваў эмоцый, калі каментаваў гэтую справу, і называў тых, хто яе арганізаваў, «злачынцамі».

«Парупіліся канкурэнты», – выказваў меркаванне Уладзімір Уладзіміравіч. І дадаваў, што зборная возьме сваё на наступнай Алімпіядзе ў Токіа.

Але зноў не склалася. Як вядома, Гульні-2020 з-за пандэміі каранавіруса перанесены як мінімум на год…

– Нягледзячы на ўсе выклікі лёсу, каманда зараз праводзіць на вяслярнай базе ў Мазыры цэнтралізаваную падрыхтоўку, – кажа Уладзімір Шантаровіч. – Працуем, як звычайна, без нейкіх паслабленняў.

– Міжнародных спаборніцтваў пакуль не прадбачыцца?

– Так, бо нават межы закрыты. Але ў любым выпадку напрыканцы гэтага месяца Міжнародная федэрацыя каноэ афіцыйна нам паведаміць пра тое, што чакае каманды ў бліжэйшай перспектыве.

Усё будзе залежаць ад каранавіруса, бо зараз усе дарослыя спаборніцтвы, а таксама маладзёжныя і юнацкія адменены.

Магчыма, калі сітуацыя нармалізуецца, у гэтым годзе правядуць чэмпіянат свету па неалімпійскай праграме, але гэта, як кажуць, віламі па вадзе пісана.

– А ўнутраныя спаборніцтвы пройдуць?

– Мы рыхтуемся і да чэмпіянату краіны, і да Кубка Беларусі.

– Колькі медалёў планавалі заваяваць на Алімпіядзе ў Токіа?

– Задача была выйграць не менш за тры ўзнагароды.

– Крыўдна, што мы зноў «праплываем» міма Гульняў?

– Дык «праплываем» не толькі мы. Крыўдна венграм, палякам, французам, спартсменам з Германіі. Але жыццё на гэтым не заканчвецца, не варта апускаць рукі. Калі моцныя, то выжывем. А калі ты слабы – сядзі на канапе, абурайся, і больш ад цябе нічога не патрабуецца.

Таму будзем настройвацца на новую схему работы. Няма ж стопрацэнтнай гарантыі, што і ў наступным годзе Алімпіяда адбудзецца. Думаю, і Міжнародная федэрацыя каноэ, і Міжнародны алімпійскі камітэт разглядаюць розныя варыянты развіцця падзей. Сітуацыя ж з пандэміяй пакуль не вырашана.

А нам застаецца толькі спадзявацца на лепшае і працаваць. Не будзе Алімпіяды ў Токіа – дачакаемся Гульняў у Францыі. Ніхто не памёр – ужо добра. Жыццё працягваецца.

– Заробкі для трэнераў і спартсменаў у такой сітуацыі захоўваюцца?

– Пакуль у дыяпазоне гэтага года ўсё захавалася на ранейшым узроўні. Што далей? Я не ведаю. Напэўна, спартсмены выступяць на чэмпіянаце Беларусі, пакажуць пэўныя вынікі, ад якіх і будуць адштурхоўвацца пры вызначэнні будучых заробкаў.

Вядома, што ў спартсменаў аплата працы залежыць ад паказаных вынікаў, а таму былыя перамогі трэба пацвярджаць. Што і можна будзе зрабіць падчас нацыянальнага першынства.

– У камандзе ўсе здаровыя?

– Дзякуй Богу, праблем ні ў кога няма.

***

Газета «Народная Воля» № 40 (4498)